Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/12/27/749609_749610/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2018 09:11
27.12.2014 14:47 Грамадства, Культура

Удзельнікі дуэта Uzari & Maimuna, які прадставіць Беларусь на "Еўрабачанні-2015", — вопытныя музыканты і канкурсанты

Мінск, 27 снежня. Удзельнікі дуэта Uzari & Maimuna, які прадставіць Беларусь на Еўрабачанні-2015, з'яўляюцца вопытнымі музыкантамі і неаднаразова выступалі на розных міжнародных конкурсах.

Як паведамляе прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі, Юрый Наўроцкі (Uzari) нарадзіўся 11 мая 1991 года ў Мінску ў сям'і музыкантаў. Ён не толькі выканаўца, але і кампазітар, аранжыроўшчык. Вучыўся ў Рэспубліканскім музычным каледжы пры Мінскай дзяржаўнай кансерваторыі па класе харавога дырыжыравання. У 2013 годзе скончыў Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, аддзяленне эстрадна-джазавага вакалу. Падчас вучобы, у 2008—2009 гадах, выконваў ролю Кая ў папулярным мюзікле "Пяшчотная Каралева" Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага тэатра "Мюзік-Хол". У 2010 годзе быў салістам вядомага пецярбургскага гурту True Jazz Band.

У маі 2011 года Uzari выступаў у якасці бэк-вакаліста ў прадстаўніцы Беларусі на міжнародным конкурсе песні "Еўрабачанне" Анастасіі Віннікавай у Дзюсельдорфе. Лаўрэат конкурсу маладых выканаўцаў папулярнай музыкі "Новая хваля-2011" у Юрмале.

Артыст ужо спрабаваў прабіцца на пляцоўку міжнароднага песеннага конкурсу "Еўрабачанне". У лістападзе 2011 года Uzari з кампазіцыяй The Winner быў фіналістам "Еўрафэста", ён таксама ўдзельнічаў у нацыянальным адборачным туры конкурсу "Еўрабачанне-2013" з кампазіцыяй Secret.

Uzari вядомы як аўтар аранжыроўкі кампазіцыі для Надзеі Місяковай, якая прадстаўляла Беларусь на дзіцячым "Еўрабачанні" сёлета.

Другая ўдзельніца дуэта — Маймуна — нарадзілася ў Санкт-Пецярбургу 28 мая 1980 года. "У жылах скрыпачкі цячэ беларуская, афрыканская, іспанская і ўкраінская кроў", — паведамляе прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі.

У 1990 годзе скрыпачка Маймуна стала лаўрэатам міжнароднага конкурсу "Юны віртуоз" у Кіеве; у 1995-м у складзе камернага ансамбля заваявала Гран-пры міжнароднага конкурсу ў Смаргоні; у 1996-м стала дыпламанткай міжнароднага конкурсу "Музыка надзеі". У 1999 годзе Маймуна атрымала стыпендыю спецыяльнага фонду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, а неўзабаве яна стала першай скрыпкай Прэзідэнцкага аркестра і канцэртмайстрам іншага вядомага калектыву — аркестра пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна. З 2009 года занялася сольнай кар'ерай. Выйшаў у свет максі-сінгл "Каралева Афрыкі", які аб'яднаў кампазіцыі, запісаныя Маймунай у розны час.

Як раней паведамляў БелаПАН, фінал нацыянальнага адборачнага тура "Еўрабачання-2015" адбыўся вечарам 26 снежня. Акрамя Uzari & Maimuna, якія выступалі з кампазіцыяй Time, у ім бралі ўдзел яшчэ 14 выканаўцаў.

Сёлета выбар пераможцы праходзіў па новых правілах. Калі раней ён вызначаўся на 50% галасаваннем тэлегледачоў і яшчэ на 50% — ацэнкамі журы, то сёлета агульны вынік галасавання за кожнага ўдзельніка складаўся з васьмі ацэнак, з іх сем ацэнак — гэта вынікі галасавання кожнага з сямі членаў журы і адна ацэнка — вынік галасавання гледачоў. Uzari & Maimuna набралі ў фінале 76 балаў: восем — ад тэлегледачоў, 68 — ад членаў журы.

"Еўрабачанне-2015" пройдзе з 19 па 23 мая ў Вене.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН