Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/12/29/749835_749844/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 05:18
29.12.2014 14:28 Палітыка

Кіраўнік МЗС Германіі выступае за найхутчэйшы працяг перамоў кантактнай групы па Украіне

Мінск, 29 снежня. Міністр замежных спраў Германіі Франк-Вальтар Штанмаер выступае за найхутчэйшы працяг перамоў кантактнай групы па Украіне. Пра гэта гаворыцца ў заяве, размешчанай на сайце знешнепалітычнага ведамства Германіі.

"Мы падтрымліваем нястомныя намаганні АБСЕ, скіраваныя на тое, каб як мага найхутчэй вярнуць да стала перамоў усіх удзельнікаў кантактнай групы", — сказаў Штанмаер.

Ён назваў важным і абнадзейлівым сігналам той факт, што вынікам апошняй сустрэчы кантактнай групы ў Мінску (24 снежня. — БелаПАН.) стаў абмен палоннымі паміж украінскімі ваеннымі і прадстаўнікамі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік.

Штанмаер падкрэсліў, што неабходна пачаць выконваць і іншыя мінскія дамоўленасці, у прыватнасці вызначэнне лініі размежавання паміж бакамі канфлікту і дасягненне дамоўленасцяў па гуманітарнай дапамозе жыхарам усходніх рэгіёнаў Украіны.

Раней канцлер Германіі Ангела Меркель заклікала Расію прыкласці больш намаганняў на шляху да спынення ўзброенага канфлікту на ўсходзе Украіны. Як паведаміла Agence France-Press, аб гэтым Меркель заявіла вечарам 27 снежня ў тэлефоннай размове з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.

Паводле слоў Меркель, сітуацыя на Данбасе можа стабілізавацца толькі ў выпадку, калі будуць выконвацца дамоўленасці аб спыненні агню.

Яна вітала абмен палоннымі, але выказала шкадаванне, што запланаваная на 26 снежня сустрэча кантактнай групы ў Мінску не адбылася.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН