Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/12/29/749973_749975/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:50
29.12.2014 21:31 Палітыка

Лукашэнка: На нядаўнім пасяджэнні кантактнай групы па Украіне мала пра што дамовіліся, але падзецца няма куды — трэба сустракацца і дамаўляцца

Мінск, 29 снежня. На пасяджэнні кантактнай групы па Украіне 24 снежня ў Мінску "мала пра што дамовіліся, але па абмене палоннымі прынялі рашэнне", паведаміў 29 снежня журналістам Аляксандр Лукашэнка, перадае прэс-служба прэзідэнта.

"І гэты абмен, як мы бачым у сродках масавай інфармацыі, пачаўся", — дадаў ён.

"Я думаю, што не за гарамі наступнае пасяджэнне. Але рашэнне па ім не прынятае. Падзецца няма куды — трэба сустракацца і дамаўляцца", — сказаў Лукашэнка.

Гаворачы пра сітуацыю ва Украіне, беларускі кіраўнік адзначыў: "Гэта не чужы канфлікт. Гэта каля нашага ганку. Мы павінны пастарацца зрабіць максімум для таго, каб прытушыць гэты канфлікт. А, магчыма, яго ліквідаваць. І калі мы будзем здольныя гэта зрабіць, мы, мужыкі, і я як галоўнакамандуючы, мы гэта будзем рабіць. Мы самі не напрошваемся, мы туды не лезем і ніколі не лезлі. Папросяць — зробім, калі зможам. Не папросяць — вырашайце самі".

Ён таксама пракаментаваў паведамленні СМІ пра намеры выкарыстоўваць беларускіх ваеннаслужачых у якасці міратворцаў: "Калі нашы ваеннаслужачыя ў якасці міратворцаў кудысьці паедуць, то я першы туды паеду, каб яны ведалі. І мой старэйшы сын, які сёння займаецца гэтымі праблемамі, таксама там будзе". "Я нікога не збіраюся нікуды накіроўваць, а мяне ўжо крытыкуюць", — дадаў Лукашэнка.

Расказваючы пра падрабязнасці нядаўніх перамоў з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, беларускі кіраўнік адзначыў: "Галоўная праблема, калі мець на ўвазе тыя перамовы, якія вялі з прэзідэнтам Украіны, — развядзенне бакоў. Ёсць сутыкненне ўкраінскай арміі і апалчэнцаў. Трэба іх развесці мінімум на 30 кіламетраў. І вось гэтую зону трэба пракантраляваць, каб не было гэтых сутыкненняў, адвесці цяжкія ўзбраенні".

Яшчэ адна праблема для Украіны, адзначыў Лукашэнка, — "закрыць мяжу з Расіяй". "Там велізарны недавер. Прэзідэнт проста сказаў: калі б беларусы нам у гэтым плане хоць чымсьці здолелі дапамагчы, я бы быў удзячны", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Лукашэнка, паводле яго слоў, прапанаваў украінскаму калегу вызначыць, чым і як можа дапамагчы ў вырашэнні гэтых праблем Беларусь.
Андрэй Серада, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН