Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/01/03/750546_750547/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 05:13
03.01.2015 17:03 Палітыка

Кіраўнікі МЗС Украіны, Расіі, Германіі і Францыі абмеркавалі працэс запуску ў дзеянне мінскіх дамоўленасцей па Украіне

Мінск, 3 студзеня. Міністры замежных спраў Украіны, Расіі, Германіі і Францыі ў тэлефоннай размове 2 студзеня абмеркавалі, як запусціць у дзеянне мінскія дамоўленасці па Украіне, падпісаныя ў верасні мінулага года.

Суразмоўцы дамовіліся сканцэнтравацца на "нармандскім фармаце" перамоў у найбліжэйшыя дні, паведаміла МЗС Францыі. Бакі адзначылі важнасць найхутчэйшага правядзення новай сустрэчы кантактнай групы для абмеркавання "найважнейшых непрапрацаваных момантаў дамоўленасцей".

У сваю чаргу, міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін паведаміў у "Твітэры", што ў ходзе размовы абмяркоўвалася магчымасць арганізацыі ў сярэдзіне студзеня ў Астане сустрэчы кіраўнікоў чатырох краін — Украіны, Расіі, Германіі і Францыі — для абмеркавання пытання аб урэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны і выканання мінскіх дамоўленасцей, перадае агенцтва УНІАН

Нагадаем, 24 снежня ў Мінску адбылася чарговая закрытая сустрэча трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе ў фармаце Украіна — Расія — АБСЕ з удзелам сепаратыстаў самаабвешчаных данецкай і луганскай народных рэспублік. Перамоўшчыкам удалося дамовіцца толькі аб абмене палоннымі.

Новая дата правядзення сустрэчы трохбаковай кантактнай групы не называлася. Між тым 29 снежня на прэс-канферэнцыі ў Кіеве ўкраінскі прэзідэнт Пётр Парашэнка заявіў, што перамовы ў мінскім фармаце павінны працягвацца.

"Мінскі фармат — гэта трохбаковая група з удзелам Украіны, Расіі і АБСЕ па імплементацыі мірнага плана Парашэнкі, — сказаў ён. — Мірны план — гэта 12 пунктаў, якія прадугледжваюць ваеннае, палітычнае і эканамічнае ўрэгуляванне. Украіна дакладна і паслядоўна выканала ўсе без выключэння абавязацельствы, якія брала на сябе".

Паводле слоў Парашэнкі, патрабаванні наконт адводу войскаў на лініі сутыкнення, выканання рэжыму цішыні, працягу вызвалення заложнікаў, аб перакрыцці мяжы і вывадзе войскаў павінны быць выкананы ўсімі бакамі. Украіна не будзе пераглядаць мірныя дамоўленасці, дасягнутыя ў Мінску 5 і 19 верасня 2014 года, заявіў Парашэнка. "Украіна ніколі не пойдзе, і нас у гэтым падтрымлівае ўвесь свет, каб мы дазволілі перагляд мінскіх дамоўленасцей. Пункты мінскіх пагадненняў не могуць быць перагледжаны", — падкрэсліў ён.

Парашэнка таксама паведаміў, што 15 студзеня ў сталіцы Казахстана плануецца сустрэча кіраўнікоў Украіны, Расіі, Германіі і Францыі па пытанні ўрэгулявання сітуацыі ў Данбасе.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН