Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/01/11/751722_751723/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:07
11.01.2015 12:10 Палітыка

Парашэнка і Меркель выказаліся за правядзенне найбліжэйшым часам сустрэчы трохбаковай кантактнай групы для ўзгаднення пазіцый па выкананні мінскіх дамоўленасцяў

Мінск, 11 студзеня. За правядзенне найбліжэйшым часам сустрэчы трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні канфлікту ў Данбасе выказаліся падчас тэлефоннай гутаркі 10 студзеня прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка і канцлер Германіі Ангала Меркель. Група павінна ўзгадніць пазіцыі па выкананні мінскіх дамоўленасцяў усімі бакамі, паведаміла прэс-служба ўкраінскага кіраўніка.

Суразмоўцы абмеркавалі шляхі мірнага ўрэгулявання сітуацыі ў Данбасе. Парашэнка "канстатаваў рэзкую эскалацыю канфлікту і невыкананне рэжыму спынення агню з боку баевікоў", а таксама паведаміў пра "рэзкае павелічэнне ваеннай тэхнікі і сучаснага ўзбраення, якое паступіла з боку расійскай мяжы". Прэзідэнт адзначыў, што прагрэс мірнага ўрэгулявання можа быць дасягнуты толькі пры ўмове закрыцця мяжы, вываду войскаў і адводу ваеннай тэхнікі, а таксама вызвалення заложнікаў.

Паводле слоў Парашэнкі, пытанне палітычнага дыялогу з жыхарамі Данбаса можа быць рэалізавана шляхам правядзення мясцовых выбараў у асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей па ўкраінскім заканадаўстве. У гэтым выпадку легітымна абраныя лідары Данбаса змогуць прадстаўляць інтарэсы яго жыхароў і ўзяць удзел у працэсе канстытуцыйнай рэформы і дэцэнтралізацыі.

Прэзідэнт паведаміў таксама пра дастаўку першай партыі ўкраінскай гуманітарнай дапамогі, якая была паспяхова распаўсюджана сярод жыхароў Данбаса, аднак яе далейшая дастаўка была зноў заблакавана баевікамі, "што таксама супярэчыць мінскім дамоўленасцям".

Парашэнка і Меркель дамовіліся правесці кароткую сустрэчу для далейшай каардынацыі намаганняў па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе 11 студзеня ў Парыжы. Абодва лідары возьмуць удзел у Маршы адзінства, які ініцыяваў прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд у памяць пра ахвяр тэрарыстычных актаў, якія адбыліся ў сталіцы краіны 7 і 9 студзеня.

Апошняя сустрэча кантактнай групы і сепаратыстаў прайшла ў Мінску 24 снежня. 8 і 9 студзеня бакі правялі перамовы ў фармаце відэаканферэнцыі.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН