Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/01/14/752239_752241/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:06
14.01.2015 09:52 Палітыка

У сувязі з эскалацыяй насілля ў Данбасе ААН, ЕС і АБСЕ заклікалі да выканання мінскіх дамоўленасцяў

Мінск, 14 студзеня. З заявамі пра неабходнасць выканання мінскіх дамоўленасцяў выступілі вечарам 13 студзеня і ў ноч на 14-е АБСЕ, ЕС і ААН.

Нагодай стала эскалацыя насілля ў апошнія дні і, у прыватнасці абстрэл пасажырскага мікрааўтобуса каля населенага пункта Валнаваха, у выніку якога загінула 12 грамадзянскіх асоб. Кіеў і сепаратысты абвінавацілі адзін аднаго ў гэтым злачынстве.

Савет бяспекі ААН заклікаў да расследавання інцыдэнту і строгага выканання мінскіх пратакола і мемарандума ад 5 і 19 верасня.

У заяве прадстаўніка Еўрапейскай службы знешнепалітычнай дзейнасці гаворыцца: "Устойлівае спыненне агню застаецца ключом да поспеху цяперашніх намаганняў па дасягненні надзейнага палітычнага рашэння, заснаванага на павазе суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. ЕС гатовы падтрымаць любыя намаганні ў гэтым пытанні".

Старшыня спецыяльнай маніторынгавай місіі ва Украіне АБСЕ Эртугрул Апакан заклікаў усе бакі канфлікту ў Данбасе да "максімальнай стрыманасці". Ён заявіў пра неабходнасць неадкладнага спынення агню і супрацоўніцтва з АБСЕ для рэалізацыі палажэнняў мінскіх дамоўленасцяў.

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка выступіў са зваротам да народа, у якім заявіў, што, нягледзячы на актывізацыю тэрарыстаў, застаецца прыхільнікам мірнага ўрэгулявання ў Данбасе ў межах свайго мірнага плана і мінскіх дамоўленасцяў. "Рабіў, раблю і буду рабіць для гэтага ўсё магчымае. І нават — немагчымае", — сказаў ён. Расстрэл людзей у Парыжы і Валнавасе Парашэнка назваў "падзеямі з аднаго і таго ж шэрагу".

"Цывілізаваны свет павінен згуртавацца ў барацьбе з тэрарызмам. Сёння я размаўляў з прэзідэнтам Еўрапарламента. Марцін Шульц запэўніў, што ў чацвер Еўрапарламент закліча кіраўніцтва Еўрасаюза ўключыць так званыя ДНР і ЛНР у спіс тэрарыстычных арганізацый. І гэта будзе належная міжнародна-прававая ацэнка дзеянням баевікоў, якія не жадаюць спакою на Данбасе, якія адмаўляюцца выконваць мінскія дамоўленасці; якія не выконваюць рэжым спынення агню, якія атакуюць нашых ваеннаслужачых і забіваюць мірных украінскіх грамадзян", — сказаў украінскі кіраўнік.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН