Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/01/15/752578_752585/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 06:13
15.01.2015 15:50 Палітыка

Сустрэча кантактнай групы па Данбасе можа адбыцца да канца тыдня, заяўляюць у МЗС Украіны

Мінск, 15 студзеня. Ва Украіне чакаюць, што сустрэча трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе адбудзецца да канца тыдня. Аб гэтым заявіў 15 студзеня на брыфінгу спікер МЗС Украіны Яўген Перабійніс, паведамляе УНІАН.

Паводле яго слоў, украінскі бок гатовы да такой сустрэчы і чакае адказу ад прадстаўнікоў самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік па яе правядзенні.

"Я не магу пацвердзіць дакладную дату, бо гэта павінна вызначыць трохбаковая кантактная група, але мы чакаем, што гэта адбудзецца ў найбліжэйшыя дні, да канца гэтага тыдня", — сказаў Перабійніс.

Паводле яго слоў, месцам правядзення сустрэчы разглядаецца Мінск, але не выключана, што сустрэча пройдзе ў рэжыме відэаканферэнцыі. "Украіна гатова да такой сустрэчы, але наша пазіцыя заключаецца ў тым, што для таго, каб разгляд пытанняў быў эфектыўным, так званыя "ДНР" і "ЛНР" павінны быць прадстаўлены тымі, хто кантралюе сітуацыю, падпісваў мінскія дамоўленасці", — сказаў Перабійніс.

Нагадаем, вечарам 13 студзеня і ў ноч на 14-е АБСЕ, ЕС і ААН выступілі з заявамі аб неабходнасці выканання мінскіх дамоўленасцей. Падставай стала эскалацыя насілля ў апошнія дні, і ў прыватнасці абстрэл пасажырскага мікрааўтобуса каля населенага пункта Валнаваха, у выніку якога загінула 12 грамадзянскіх асоб. Кіеў і сепаратысты абвінавацілі адзін аднаго ў гэтым злачынстве.

Старшыня спецыяльнай маніторынгавай місіі ва Украіне АБСЕ Эртугрул Апакан, у прыватнасці, заклікаў усе бакі канфлікту ў Данбасе да "максімальнай стрыманасці". Ён заявіў аб неабходнасці неадкладнага спынення агню і супрацоўніцтва з АБСЕ для рэалізацыі палажэнняў мінскіх дамоўленасцей.

Апошні раз кантактная група і сепаратысты збіраліся ў Мінску 24 снежня. Галоўнай дамоўленасцю стаў абмен вялікімі групамі палонных.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН