Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/01/15/752590_752597/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:13
15.01.2015 16:14 Палітыка, Грамадства

МЗС Беларусі: Неабходна неадкладна спыніць прымяненне зброі ва Украіне ў адпаведнасці з мінскімі дамоўленасцямі

Мінск, 15 студзеня. У Беларусі смуткуюць з нагоды гібелі людзей у выніку выбуху на блокпасту ў раёне ўкраінскага горада Валнаваха 13 студзеня, гаворыцца ў заяве Міністэрства замежных спраў Беларусі, апублікаванай 15 студзеня на сайце ведамства.

"Выказваем глыбокія спачуванні родным і блізкім загінулых. Гэта трагічная падзея яшчэ раз сведчыць аб неабходнасці неадкладнага спынення прымянення зброі, што прадугледжана мінскімі дамоўленасцямі", — гаворыцца ў заяве.

МЗС Беларусі заклікае "да неадкладнага аднаўлення працы трохбаковай кантактнай групы для аператыўнага прыняцця рашэнняў па ўрэгуляванні сітуацыі ў рэгіёне і недапушчэнні новых ахвяр на тэрыторыі братэрскай нам краіны".

Як паведамляў тэлеканал "Еўраньюс", 13 студзеня ў выніку пападання артылерыйскага снарада ў пасажырскі аўтобус побач з блокпастом украінскіх сіл каля данецкага горада Валнаваха 10 чалавек загінулі на месцы, 18 былі паранены, двое памерлі ў бальніцы.

Украінскі бок абвінавачвае прарасійскіх сепаратыстаў у тым, што яны нанеслі артылерыйскі ўдар па блокпасту, папаўшы ў аўтобус з мірнымі жыхарамі.

"Гэтыя смерці на сумленні аб'яднанай ДНРаўскай і ЛНРаўскай банды і тых, хто за ёю стаіць. У сувязі з тэрарыстычнай атакай мы вымушаны яшчэ больш узмацніць абмежаванні на перамяшчэнне праз лінію, за якой знаходзяцца падкантрольныя баевікам тэрыторыі Данбаса", — заявіў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка.

Кіраўніцтва самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі заяўляе, што месца, дзе адбылася трагедыя, знаходзіцца па-за дасягальнасцю яе артылерыі.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН