Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/01/16/752899_752906/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 12:04
16.01.2015 18:11 Палітыка

Беларускі пасол: Мы падтрымліваем Украіну як цэласную ўнітарную дзяржаву ў межах дзейнай Канстытуцыі, якая выключае федэралізацыю

Мінск, 16 студзеня. "Мы падтрымліваем Украіну як цэласную ўнітарную дзяржаву ў межах дзейнай Канстытуцыі, якая выключае федэралізацыю", — заявіў пасол Беларусі ва Украіне Валянцін Вялічка ў інтэрв'ю штогадоваму навуковаму выданню "Украина дипломатическая". Інтэрв'ю апублікаванае на афіцыйным сайце МЗС Беларусі.

"Украіна для нас — не толькі добрая надзейная суседка, але і братняя краіна, якая апынулася ў цяжкай сітуацыі, — сказаў Вялічка. — Кіраўнік нашай дзяржавы сказаў, што Беларусь ніколі не звернецца да агрэсіі. Больш за тое,  Беларусь ніколі не дазволіць і іншым краінам з яе тэрыторыі ўводзіць войскі на тэрыторыю вашай краіны".

Вялічка зазначыў: "Урад Беларусі, а таксама і прадстаўнікі пасольства ніколі не казалі: новая ўлада, старая ўлада, што яе змена — гэта вельмі дрэнна, правільны або няправільны выбар народа. Гэта ўнутраная справа ўкраінскага народа".

Ён падкрэсліў, што Беларусь будуе адносіны з Украінай зыходзячы з "высокага пачуцця ўзаемапавагі". "Сёння нашы адносіны развіваюцца на ўзаемавыгадных палітычных і эканамічных умовах. Беларусь займае высокае месца сярод гандлёвых партнёраў Украіны. У Мінску праводзяцца таксама пастаянныя кансультатыўныя трохбаковыя сустрэчы па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны. Беларусь гатова стварыць спрыяльны ўмовы для перамоў і кансультацый па гэтым пытанні", — падкрэсліў дыпламат.

Як заявіў Вялічка, міралюбная палітыка добразычлівасці паміж Беларуссю і Украінай з'яўляецца несумненнай. "Яна набывае пазітыўную і адчувальную дынаміку, што адзначаюць міжнародныя арганізацыі", — сказаў ён.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН