Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/01/18/753126_753129/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 12:04
18.01.2015 15:12 Палітыка

Украінскія ваенныя атрымалі загад адкрываць масіраваны агонь па баевіках

Мінск, 18 студзеня. Украінскія ваенныя раніцай 18 студзеня атрымалі загад адкрываць масіраваны агонь па пазіцыях баевікоў у зоне антытэрарыстычнай аперацыі (АТА). Пра гэта паведаміў сёння дарадца прэзідэнта Украіны, памочнік міністра абароны Юрый Бірукоў на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку".

"Добрай раніцы, краіна. 8:01, ужо можна сказаць пра тое, што дзве гадзіны таму ўся групоўка нашых войскаў у сектары "Б" атрымала загад і адкрыла масіраваны агонь па вядомых пазіцыях сепараў", — напісаў Бірукоў.

"Мы выконвалі перамір'е, так? Мы паказвалі, што зацікаўленыя ў спакойным урэгуляванні, так? Ну дык вось, сёння мы пакажам, наколькі мы ўмеем біць па зубах", — дадаў ён.

Раней штаб АТА паведамляў, што сітуацыя ў зоне АТА застаецца напружанай: пачынаючы з 18 гадзін тэрарысты ўчынілі 28 абстрэлаў пазіцый украінскіх ваенных, перадае агенцтва УНІАН.

Раней паведамлялася пра магчымасць правядзення сустрэчы кантактнай групы па Украіне ў Мінску да канца гэтага тыдня. Прадстаўнікі сепаратыстаў — гэтак званых данецкай і луганскай народных рэспублік Дзяніс Пушылін і Уладзіслаў Дзяйнега, якія прыбылі ў Мінск 16 студзеня для ўдзелу ў сустрэчы, пакінулі беларускую сталіцу, заявіўшы, што сустрэча сарваная па віне ўкраінскага боку. "Сённяшняя сустрэча была сарваная, сарваная ўкраінскім бокам. Мы прыехалі, зрабілі ўсё магчымае, каб перамоўны працэс працягваўся. Мы былі да апошняга на сувязі з АБСЕ, ніякіх адменаў афіцыйных не было сённяшняй сустрэчы", — заявіў Пушылін.

Кантактная група ў складзе прадстаўнікоў Украіны, Расіі і АБСЕ сустрэлася 15 студзеня ў Кіеве. У распаўсюджаным па выніках паведамленні гаварылася: "У працяг сустрэчы чатырох міністраў замежных спраў у нармандскім фармаце 12 студзеня ў Берліне кантактная група, якая складалася з прадстаўнікоў Украіны, Расіі і АБСЕ, сустрэлася сёння (15 студзеня. — БелаПАН.) у Кіеве ў межах падрыхтоўкі да запланаваных кансультацый групы з прадстаўнікамі шэрагу рэгіёнаў Данецкай і Луганскай абласцей у Мінску". У АБСЕ падкрэслілі, што група гатова да правядзення гэтых кансультацый і чакае пацвярджэння ўдзелу ад "усіх падпісантаў мінскіх пагадненняў".

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН