Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/01/19/753144_753145/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 12:42
19.01.2015 09:39 Палітыка

Барыс Нямцоў: Мінскія дамоўленасці не працуюць

Мінск, 19 студзеня. "Мінскія дамоўленасці не працуюць. Іх парушаюць і тыя, і другія", — напісаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы "Фэйсбук" 18 студзеня вядомы расійскі апазіцыйны палітык, былы віцэ-прэм'ер Барыс Нямцоў.

На яго думку, сітуацыя патавая, і яна не залежыць ад таго, хто кантралюе Данецкі аэрапорт, за які пастаянна вядуцца кровапралітныя баі.

"Я бачу адно выйсце: Украіна аб'яўляе тэрыторыі ДНР і ЛНР мяцежнымі і будуе мяжу з імі. Прадметам перамоў з Пуціным павінна быць адно пытанне — бяспека пры будаўніцтве сцяны.Уздоўж сцяны ўстанаўліваюцца КПП. Кожны жыхар можа вызначыцца адзін раз, дзе ён хоча жыць. Так было вырашана пытанне з сектарам Газа і падзелам Іерусаліма. Праблемы засталіся, але іх стала значна менш. А галоўнае, рускія і ўкраінцы перастануць адзін аднаго забіваць", — напісаў Нямцоў.

Як мяркуе палітык, праект "Наваросія" закрыты, паколькі супраціўленне ўкраінцаў, іх згуртаванасць у барацьбе з Пуціным, а значыць, непазбежнасць вялікіх стратаў "Наваросію" пахавалі. "Ва ўкраінскай арміі няма магчымасці перамагчы ДНР і ЛНР, паколькі Пуцін працягвае пастаўляць туды зброю, "адпускнікоў-ваенных"... Усходнюю мяжу не кантралююць, пастаўкі зброі і кантрабанда працвітаюць. Людзі, якія жывуць на тэрыторыі ДНР і ЛНР, гаруюць. Пуцін ім грошай не дае і не збіраецца. Парашэнка таксама", — зазначыў Барыс Нямцоў.

Узброенае супрацьстаянне на Данбасе ўзмацнілася 16 студзеня, калі сепаратысты правялі масіраваную атаку на Данецкі аэрапорт, частка якога з мая мінулага года ўтрымліваецца ўкраінскімі войскамі і добраахвотнікамі. У гэты дзень у Мінску павінна было прайсці чарговае пасяджэнне кантактнай групы па Украіне з удзелам прадстаўнікоў сепаратыстаў, якія прыехалі ў беларускую сталіцу, але вярнуліся ні з чым.

Раніцай 18 студзеня ўкраінская армія атрымала загад адкрываць агонь па вядомых пазіцыях баевікоў у зоне антытэрарыстычнай аперацыі. Днём у Кіеве на Маршы міру "Я — Валнаваха" ў памяць пра ахвяраў артабстрэлу блокпаста ўкраінскіх войскаў каля гэтага населенага пункта (загінулі 13 пасажыраў рэйсавага мікрааўтобуса) прэзідэнт краіны Пётр Парашэнка заявіў, што ўкраінцы не аддадуць ніводнага кавалачка сваёй зямлі.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН