Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/01/19/753424_753425/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 12:24
19.01.2015 21:45 Палітыка

Парашэнка заявіў аб гатоўнасці Украіны да неадкладнага склікання трохбаковай кантактнай групы

Мінск, 19 студзеня. Аб гатоўнасці Украіны да неадкладнага склікання трохбаковай кантактнай групы (Украіна—АБСЕ—Расія плюс сепаратысты Данбаса) заявіў прэзідэнт краіны Пётр Парашэнка 19 студзеня ў Кіеве на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Польшчы Евай Копач.

Каментуючы заяву МЗС Украіны ад 18 студзеня аб выкананні мінскіх дамоўленасцей, Парашэнка адзначыў: "Украіна хоча міру. Мы гатовы да неадкладнага склікання трохбаковай кантактнай групы для забеспячэння падрыхтоўкі і падпісання графіка рэалізацыі мінскіх дамоўленасцей".

Украінскі кіраўнік, як паведамляе яго прэс-служба, праінфрмаваў Копач аб сітуацыі ў Данецкай і Луганскай абласцях і падкрэсліў, што, "нягледзячы на эскалацыю напружання і актывізацыю тэрарыстаў, Украіна гатова падпісаць пагадненне аб спыненні агню пры ўмове выканання мінскіх дамоўленасцей".

"Украіна ў поўнай меры выконвае мінскія дамоўленасці і чатыры доўгія месяцы чакае іх выканання з боку Расі і баевікоў", — гаварылася ў заяве МЗС краіны, распаўсюджанай ў ноч на 19 студзеня.

Афіцыйны Кіеў нагадвае, што дамоўленасці базіруюцца на плане прэзідэнта Пятра Парашэнкі па мірным урэгуляванні сітуацыі на Данбасе і ўключаюць усе асноўныя элементы, неабходныя для "найхутчэйшай дээскалацыі сітуацыі, яе стабілізацыі і пачатку адраджэння Данбаса, а менавіта: спыненне агню, аднаўленне ўкраінскага кантролю на ўкраінска-расійскай дзяржаўнай межы, поўны і неадкладны вывад замежных войскаў і наёмнікаў, забеспячэнне выхаду на лінію размежавання ад 19 верасня 2014 г., адвод цяжкага ўзбраення, вызваленне заложнікаў і асоб, якія незаконна ўтрымліваюцца, паляпшэнне гуманітарнай сітуацыі ў рэгіёне і правядзенне мясцовых выбараў згодна з украінскім заканадаўствам".

МЗС таксама паведаміў, што 13 лістапада 2014 года прадстаўнікі Украіны і Расіі падпісалі рабочы дакумент, які прадугледжваў "дакладны графік імплементацыі палажэнняў мінскага мемарандума, у прыватнасці, у частцы забеспячэння двухбаковага спынення агню, адводу цяжкага ўзбраення і вяртання на лінію размежавання".

"Расійскі бок адклікаў свой подпіс пад гэтым дакументам. Сёння Украіна чарговы раз звярнулася да Расійскай Федэрацыі з прапановай падпісаць графік імплементацыі мінскіх дамоўленасцей менавіта ў рэдакцыі ад 13 лістапада і забяспечыць спыненне агню з 19 студзеня", — гаворыцца ў заяве.

Украінскае знешнепалітычнае ведамства выступіла ў адказ на заяву МЗС РФ, якая з'явілася некалькімі гадзінамі раней і ў якой гаворыцца, што расійскі бок "дабіваецца няўхільнага выканання мінскіх дамоўленасцей". Масква абвінаваціла Кіеў у зрыве чарговай сустрэчы кантактнай групы ў Мінску 16 студзеня, нарошчванні ваеннай прысутнасці на паўднёвым усходзе Украіны, абстрэлах Данецка і іншых населеных пунктаў.

"15 студзеня г.г. прэзідэнт Расіі У.У.Пуцін накіраваў прэзідэнту Украіны П.А.Парашэнку пасланне адносна неабходнасці няўхільнага выканання бакамі канфлікту рэжыму "цішыні" і выканання дамоўленасці аб адводзе цяжкай артылерыі ад лініі сутыкнення... У межах расійска-ўкраінскага сумеснага цэнтра па кантролі і каардынацыі ўкраінскаму боку былі перададзены канкрэтныя прапановы з паўгадзінным графікам такога адводу цяжкіх узбраенняў. Адказ на пасланне У.У.Пуціна дагэтуль не атрыманы, а ўкраінскія сілавікі перададзеныя ім прапановы адхілілі і аднавілі артабстрэлы Данецка, ствараючы прамую пагрозу жыццям мірных грамадзян і назіральнікам місіі АБСЕ", — заявіла расійскае МЗС.

Падставай для чарговага раўнда дыпламатычнай барацьбы стала абвастрэнне сітуацыі ў Данецкім аэрапорце, які з мая мінулага года часткова кантралююць украінскія ваенныя і добраахвотнікі. На думку Масквы, у адпаведнасці з мінскімі дамоўленасцямі аэрапорт павінен адысці т.з. апалчэнцам.

На працягу дня 19 студзеня ўздоўж лініі размежавання працягваліся баі.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН