Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/01/21/753703_753704/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 12:50
21.01.2015 10:38 Палітыка

У размове з дзяржсакратаром ЗША міністр замежных спраў Расіі падкрэсліў неабходнасць найхутчэйшага спынення агню ў Данбасе і пачатку адводу цяжкіх узбраенняў у адпаведнасці з мінскімі дамоўленасцямі

Мінск, 21 студзеня. Аб неабходнасці найхутчэйшага спынення агню ў Данбасе і пачатку адводу цяжкіх узбраенняў канфліктуючых бакоў ад лініі судакранання ў адпаведнасці з мінскімі дамоўленасцямі заявіў міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў у тэлефоннай размове з дзяржсакратаром ЗША Джонам Керы.

Размова адбылася 20 студзеня па ініцыятыве амерыканскага боку, паведаміла расійскае знешнепалітычнае ведамства на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы "Фэйсбук".

У сувязі з гэтым Лаўроў праінфармаваў Керы аб змесце паслання прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна на імя ўкраінскага калегі Пятра Парашэнкі ад 15 студзеня.

Як ужо паведамлялася, у сваім лісце Пуцін заявіў пра неабходнасць выканання рэжыму спынення агню ў зоне канфлікту і прапанаваў план адводу цяжкага ўзбраення. Ліст супаў па часе з рэзкай актывізацыяй сепаратыстаў каля Данецкага аэрапорта, частка якога з мая мінулага года ўтрымліваецца ўкраінскімі вайскоўцамі і добраахвотнікамі. Паводле заявы расійскага боку, прэзідэнт Украіны не прыняў прапанову Пуціна.

19 студзеня пасол па асаблівых даручэннях МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба заявіў, што сваёй "атакуючай пазіцыяй" на ўсходзе Украіны Расія хоча паказаць, што мінскія дамоўленасці "не выкананыя, яны не патрэбныя, таму што не з`яўляюцца дзейснымі".

"Мінскія дамоўленасці былі прынцыпова важныя, улічваючы тое, пасля якіх падзей яны былі падпісаныя (паражэнні ўкраінскіх ваенных на шэрагу ўчасткаў фронту. — БелаПАН.). Апрача таго, гэта першыя абавязацельствы, пад якімі падпісалася Расія", — зазначыў дыпламат. На яго думку, Расія не выконвае і не хоча выконваць гэтыя дамоўленасці, "таму што гэта — алгарытм дзеянняў, першым пунктам якога з`яўляецца спыненне агню". Калі б Расія хацела, агонь быў бы спынены, мяркуе прадстаўнік МЗС.

Як заявіў Кулеба, цынізм сітуацыі ў тым, што афіцыйнай пазіцыяй Расіі з`яўляецца якраз прыхільнасць да мінскіх дамоўленасцей.

20 студзеня ў МЗС Украіны прайшлі кансультацыі намесніка міністра Сяргея Кісліцы і кіраўніка спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ ва Украіне Эртагюля Апакана. Паводле інфармацыі прэс-службы знешнепалітычнага ведамства, украінскі дыпламат праінфармаваў прадстаўніка арганізацыі пра абвастрэнне сітуацыі на ўсходзе краіны і "заклікаў місію прыняць усе магчымыя меры для выканання свайго мандата і ажыццяўлення маніторынгу выканання мінскіх дамоўленасцяў".

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН