Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/01/29/755670_755676/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 12:28
29.01.2015 15:08 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка: Ніякіх больш зрухаў у адносінах Еўропы і Амерыкі да Беларусі не будзе, пакуль не пройдуць прэзідэнцкія выбары

Мінск, 29 студзеня. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што "ніякіх больш зрухаў у адносінах Еўропы і Амерыкі да Беларусі не будзе, пакуль не пройдуць прэзідэнцкія выбары". Пра гэта ён заявіў на прэс-канферэнцыі 29 студзеня.

"Я прагматык, я добра разумею: ніякіх больш зрухаў у адносінах Еўропы і Амерыкі да Беларусі не будзе, пакуль не пройдуць прэзідэнцкія выбары. Я да гэтага нармальна стаўлюся. Можа, і я так з чаканнем да гэтага ставіўся. Нас гэта не напружвае, калі гэта не напружвае еўрапейцаў і амерыканцаў", — сказаў кіраўнік дзяржавы, адказваючы на пытанне аб магчымым пацяпленні адносін Беларусі з Захадам на фоне міратворчай місіі Мінска ва ўкраінскім крызісе.

Паводле слоў Лукашэнкі, ён не вельмі давярае заходнім партнёрам. "Гэта ёсць палітыка, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Сёння Захаду выгадная такая палітыка Беларусі (даванне пляцоўкі для ўрэгулявання ўкраінскага крызісу. — БелаПАН.), яны недзе нам скажуць дзякуй, мы гэта чуем, але не больш".

"Мы не міратворцы, мы не напрошваліся на гэту функцыю. Мы нікога не збіраемся мірыць, калі нас аб гэтым не просяць", — заявіў Лукашэнка.

"Мяне папрасілі: зрабіце, што можаце. Я зыходзіў найперш з эмоцый, а потым казаў і пра эканоміку: да 7 млрд. долараў тавараабарот з Украінай быў, з Расіяй наогул 40 млрд. долараў. Мы — тры браты, ці тры сястры. Старэйшы, сярэдні, малодшы. Я згодны — мы малодшы, больш жыць будзем. Вось бяда. Вядома, гэта нас хвалявала, гэта закуліссе, і там і тут. Мы абмяркоўвалі гэтыя праблемы. І з Уладзімірам Уладзіміравічам (Пуцін. БелаПАН.), і з Пятром Парашэнкам (прэзідэнт Украіны. БелаПАН.). Ды і не хавалі. Абмяркоўвалі, можа, не дэталізавалі гэтыя ўсе дыялогі. Я ім казаў заўсёды: мы гатовыя, калі вам нешта трэба — ДНР, ЛНР, Украіна, Расія. Калі мы нешта можам для вас зрабіць, — толькі так я ставіў пытанне — вы скажыце. Калі гэта магчыма з нашага боку, мы абавязкова зробім, мы ж не чужыя", — зазначыў ён.

Лукашэнка расказаў, што калі чарговы раз спытаў, чым могуць беларусы дапамагчы, дзе могуць падставіць сваё плячо, "і прэзідэнт Расіі, і найперш прэзідэнт Украіны папрасіў: дапамажыце сабраць людзей, мы хацелі б, каб гэта было ў Мінску, назва гэтай групы кантактная, дапамажыце правесці. "Мы зрабілі ўсё, што яны хацелі, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Мы не рваліся ў міратворчасць. Мы не міратворцы, нас просяць — мы робім. Будуць нас прасіць яшчэ аб нечым — мы зробім", — запэўніў ён.

Лукашэнка заявіў, што беларускі бок мае свой пункт гледжання на ўкраінскі крызіс. "Мы маем пэўныя прапановы. Пра іх ведаюць прэзідэнты Расіі і Украіны, кіраўнікі ЛНР і ДНР. Падыходзяць яны ім — яны нам скажуць: людзі, дапамажыце нам тут, тут. Не — на няма і суду няма. Мы не збіраемся напрошвацца і піярыць на гэтым, як некаторыя кажуць. Такі піяр небяспечны", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН