Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/01/29/755856_755862/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 12:21
29.01.2015 19:25 Палітыка

Лукашэнка лічыць, што альтэрнатывы мінскаму фармату перамоў па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне няма

Мінск, 29 студзеня. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што альтэрнатывы мінскаму фармату перамоў па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне няма.

"Я не ўяўляю пакуль іншых фарматаў для перамоў, чым мінскі", — заявіў Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі 29 студзеня. — Гэта не таму, што яны ў Мінску. Нам, вядома, гонар, што ўкраінцы, АБСЕ, Расія, прадстаўнікі ЛНР, ДНР прыехалі, вядуць тут дыялог і іншае, што Мінск прагучаў як пляцоўка міралюбнасці, міру. Гэта добра. Але гэта не галоўнае. Галоўнае, каб там быў мір. І тут, прынамсі, многага дасягнулі. Дрэнна, што ў апошні момант адышлі ад мінскіх дамоўленасцяў. Тут жа ўжо прынятыя рашэнні, і калі б яны былі выкананыя, такі-сякі там бы быў мір. Пакуль яны не зусім выконваюцца. І ў апошнюю пару тыдняў азначыўся адыход ад мінскіх пагадненняў".

Лукашэнка зазначыў, што з'явілася інфармацыя пра новыя фарматы. "Нармандскі там і іншае, — сказаў ён. — Калі хочам усё пачаць з нуля і нічога потым не зрабіць, можна выдумляць новыя фарматы. Можна ў Астану ехаць, ніхто не супраць. Толькі пытанне: а чым не падыходзіць мінская пляцоўка? Ну, нейкі новы фармат у Астане. А навошта? Навошта гэта прывядзе? Мінскі фармат будзе перакрэслены, дамоўленасці, якія дасягнулі ў Мінску, будуць выкінутыя ў памыйніцу, з'явіцца новы фармат, пачынаць з нуля, мы ведаем, да чаго гэта прывядзе".

Акрамя таго, падкрэсліў Лукашэнка, у новым фармаце прапануецца праводзіць перамовы на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. "Ужо гэтулькі было сустрэч на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, гэтулькі заяў, але на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў пункты судотыку і падзяляльная лінія паміж сіламі не вызначаецца. Там будуць агульныя палітычныя заявы, іх хапае. Кіраўнікі дзяржавы збяруцца, пагавораць, раз'едуцца. І што потым? Новую будзеце кантактную групу ствараць? Навошта?" — задаў ён пытанне.

Паводле слоў Лукашэнкі, прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка настойвае на выкананні мінскага фармату і тых дамоўленасцяў, якія былі дасягнутыя ў Мінску. "Калі штосьці там змянілася, дзесьці хтосьці наступаў, абстрэльваў, гэта лінія, якая вызначана ў мінскім мемарандуме, змянілася, то гэтую лінію сёння трэба начарціць, — заявіў ён. — Трэба сёння з улікам сённяшняга дамовіцца пра лінію фронту, скажам так. І калі будзе ці старая пацверджана лінія, якая па мемарандуме ў пратаколах вызначана, ці будзе новая начэрчаная і ўзгодненая, ад гэтай лініі пачнецца адвод узбраенняў, ад якіх гіне шмат людзей".

Паводле яго слоў, ніхто не зацікаўлены ў зацягванні вайны ва Украіне. "Гэта трэба рабіць. І мінскі фармат, я чамусьці перакананы, будзе запатрабаваны літаральна неўзабаве. Іншага фармату няма. І шкодна пачынаць перафарматаванне — страцім час і нічога не зробім", — сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што для спынення канфлікту трэба жаданне ўцягнутых у гэты канфлікт кіраўнікоў. "Будзе жаданне — гэта можна зрабіць. Я ў гэтым перакананы. Жаданне ўцягнутых непасрэдна ў гэты канфлікт кіраўнікоў дзяржаў і гэтых рэспублік, — сказаў ён. — Трэба пераадолець усякія рознагалоссі і памятаць, што там гінуць дзеці. Не толькі мірныя, ні ў чым не вінаватыя людзі, пакінутыя там, якім няма куды падзецца, але там гінуць дзеці. Пераступіце вы праз гэтыя амбіцыі і сядзьце дамоўцеся".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН