Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/01/31/756193_756196/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 12:37
31.01.2015 12:30 Палітыка

АБСЕ: Спробы звязацца з прадстаўнікамі самаабвешчаных ДНР і ЛНР для подрыхтоўкі сустрэчы ў Мінску былі беспаспяховыя

Мінск, 31 студзеня. Спробы АБСЕ звязацца з прадстаўнікамі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік у межах падрыхтоўкі сустрэчы трохбаковай кантактнай групы па Украіне ў Мінску былі беспаспяховыя. Такую заяву распаўсюдзіла прэс-служба АБСЕ вечарам 30 студзеня ад імя спецпрадстаўніка старшыні арганізацыі ў кантактнай групе Хайдзі Тальявіні.

"Спецыяльны прадстаўнік старшыні АБСЕ ў кантактнай групе, пасол Хайдзі Тальявіні жадае падкрэсліць, што яе прадстаўнікі знаходзіліся ў Мінску з учарашняй раніцы, каб падрыхтаваць сустрэчу трохбаковай кантактнай групы з прадстаўнікамі шэрагу рэгіёнаў Данецка і Луганска, — гаворыцца ў заяве. — Іх намаганні звязацца з гэтымі прадстаўнікамі аказаліся беспаспяховымі. Пасол Тальявіні і яе прадстаўнікі па-ранейшаму гатовы да сустрэчы ў любы час, і яны працягваюць актыўную працу ў гэтым кірунку".

Старшыня АБСЕ, міністр замежных спраў Сербіі Івіца Дачыч, у сваю чаргу, падкрэслівае важнасць гэтай сустрэчы і зноў заклікае правесці яе як мага хутчэй.

Як паведамлялася раней, 30 студзеня прыкладна ў 14.30 у Мінск для ўдзелу ў сустрэчы кантактнай групы прыбылі прадстаўнікі ДНР і ЛНР Дзяніс Пушылін і Вячаслаў Дзяйнега. Праз паўтары гадзіны яны заявілі, што вылятаюць назад. Як растлумачыў журналістам у аэрапорце Пушылін, пасяджэнне не адбудзецца, паколькі ў Мінск не прыедзе дэлегацыя з Кіева. Пра адмену запланаваных перамоў ім паведамілі ў беларускім МЗС, сказаў Пушылін.

Трохбаковая кантактная група па Украіне ў складзе прадстаўнікоў Украіны, Расіі і АБСЕ правяла тэрміновую сустрэчу ў  Кіеве 24 студзеня. Паводле яе вынікаў удзельнікі групы заклікалі спыніць усе ваенныя дзеянні на ўсходзе Украіны. Яны таксама заклікалі ўсіх асоб, якія падпісалі мінскія пагадненні, сустрэцца для правядзення прамых перамоў "як мага хутчэй, самае позняе — да пачатку наступнага тыдня".

Мінскія мірныя пагадненні ад 5 і 19 верасня 2014 года ад імя ДНР і ЛНР падпісалі іх кіраўнікі Аляксандр Захарчанка і Ігар Платніцкі адпаведна.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН