Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/01/31/756206_756207/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 12:18
31.01.2015 13:03 Палітыка

Трохбаковая кантактная група спадзяецца зацвердзіць у Мінску дакумент аб спыненні агню і адводзе цяжкага ўзбраення ў Данбасе

Мінск, 31 студзеня. Трохбаковая кантактная група спадзяецца зацвердзіць у Мінску дакумент аб спыненні агню і адводзе цяжкага ўзбраення ў Данбасе.

Як зазначаецца ў паведамленні прэс-службы АБСЕ, 28 студзеня прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка сустрэўся з удзельнікамі кантактнай групы — прадстаўніком АБСЕ Хайдзі Тальявіні, былым прэзідэнтам Украіны Леанідам Кучмам і паслом Расіі ва Украіне Міхаілам Зурабавым, каб "абмяняцца меркаваннямі па самых неадкладных пытаннях, што тычацца дээскалацыі сітуацыі ў некаторых раёнах Данецкай і Луганскай абласцей".

"Напярэдадні кансультацый у Мінску трохбаковая група зыходзіла з разумення, што наступныя практычныя крокі павінны быць дасягнутыя: абавязальнае пагадненне адносна неадкладнага спынення агню і адводу цяжкага ўзбраення ад лініі сутыкнення згодна з мінскім мемарандумам ад 19 верасня 2014 года; адсутнасць абмежаванняў для пастаўкі асноўных тавараў і гуманітарнай дапамогі ў пацярпелыя раёны Данецкай і Луганскай абласцей, а таксама адчувальны прагрэс у вызваленні заложнікаў", — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле інфармацыі прэс-службы, распрацаваны дакумент "можа быць падпісаны заўтра" (дата не ўдакладняецца, паведамленне было разасланае ў ноч з 30 на 31 студзеня. — БелаПАН.). Ён утрымлівае спіс канкрэтных крокаў, распрацаваных для ўкаранення вышэйпералічаных прыярытэтных задач для дээскалацыі сітуацыі.

"Кантактная група гатова адправіцца ў Мінск заўтра, каб правесці чарговы раўнд кансультацый і завяршыць узгадненне дакументаў з падпісантамі мінскіх дамоўленасцяў ад 5 і 19 верасня, нацэленых на ўкараненне мірнага плана прэзідэнта Украіны", — гаворыцца ў паведамленні.

Нагадаем, ад імя самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік мінскія дамоўленасці падпісвалі Аляксандр Захарчанка і Ігар Платніцкі адпаведна.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН