Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/01/31/756281_756296/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 06:28
31.01.2015 17:21 Палітыка

У Мінску пачаліся перамовы кантактнай групы па Украіне

Мінск, 31 студзеня. Трохбаковая кантактная група па Украіне спадзяецца зацвердзіць на сустрэчы 31 студзеня ў Мінску дакумент аб спыненні агню і адводзе цяжкага ўзбраення ў Данбасе.
У суботу ў Мінск прыбылі ўдзельнікі перамоў трохбаковай групы па Украіне, у тым ліку былы прэзідэнт гэтай краіны Леанід Кучма. Прыкладна ў 15.10 Леанід Кучма, а таксама пасол Расіі ва Украіне Міхаіл Зурабаў і спецпрадстаўнік старшыні АБСЕ ў кантактнай групе Хайдзі Тальявіні селі ў аўтамабілі ў нацыянальным аэрапорце Мінск, не размаўляючы з журналістамі.

Варта зазначыць, што разам з Зурабавым у Мінск прыбыў Віктар Медвядчук — лідар грамадскай арганізацыі "Украінскі выбар", кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта пры Леаніду Кучму, кум Уладзіміра Пуціна. Паводле звестак расійскіх СМІ, 27 студзеня Медвядчук сустракаўся ў Данецку з кіраўнікамі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік Аляксандрам Захарчанкам і Ігарам Платніцкім.
За гадзіну да таго ў сталіцу Беларусі прыбылі прадстаўнікі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік Дзяніс Пушылін і Уладзіслаў Дзяйнега — таксама для ўдзелу ў сустрэчы кантактнай групы па Украіне.

Як заявіў у аэрапорце Пушылін журналістам, з`явілася інфармацыя пра падпісанне ўкраінскім прэзідэнтам Пятром Парашэнкам указу аб прызначэнні Леаніда Кучмы паўнамоцным прадстаўніком Украіны на перамовах. "Хаця ён не з`яўляецца прадстаўніком улады, а з`яўляецца прыватнай асобай, што здымае з яго якую-небудзь адказнасць, калі дамоўленасці будуць сарваныя, тым не менш, мы чакаем афіцыйнай публікацыі, — сказаў Пушылін. — Калі такі ўказ сапраўды з`явіцца ў прэсе або мы ўбачым на свае вочы, гэта пакідае надзею на разважнасць Кіева".

Прэс-служба АБСЕ сёння ноччу паведаміла, што 28 студзеня прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка сустрэўся з удзельнікамі кантактнай групы — прадстаўніком АБСЕ Хайдзі Тальявіні, былым прэзідэнтам Украіны Леанідам Кучмам і паслом Расіі ва Украіне Міхаілам Зурабавым, каб "абмяняцца думкамі па самых неадкладных пытаннях, што тычацца деэскалацыі сітуацыі ў некаторых раёнах Данецкай і Луганскай абласцей".

"Напярэдадні кансультацый у Мінску трохбаковая група зыходзіла з разумення, што наступныя практычныя крокі павінны быць дасягнутыя: абавязальнае пагадненне адносна неадкладнага спынення агню і адводу цяжкага ўзбраення ад лініі сутыкнення згодна з мінскім мемарандумам ад 19 верасня 2014 года; адсутнасць абмежаванняў для пастаўкі асноўных тавараў і гуманітарнай дапамогі ў пацярпелыя раёны Данецкай і Луганскай абласцей, а таксама адчувальны прагрэс у вызваленні заложнікаў", — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле інфармацыі прэс-службы, распрацаваны дакумент "можа быць падпісаны заўтра" (дата не ўдакладняецца, паведамленне было разасланае ў ноч з 30 на 31 студзеня. — БелаПАН.). Ён утрымлівае спіс канкрэтных крокаў, распрацаваных для ўкаранення вышэйпералічаных прыярытэтных задач для дээскалацыі сітуацыі.

"Кантактная група гатова адправіцца ў Мінск заўтра, каб правесці чарговы раўнд кансультацый і завяршыць узгадненне дакументаў з падпісантамі мінскіх дамоўленасцяў ад 5 і 19 верасня, нацэленых на ўкараненне мірнага плана прэзідэнта Украіны", — гаворыцца ў паведамленні.

Нагадаем, ад імя самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік мінскія дамоўленасці падпісвалі Аляксандр Захарчанка і Ігар Платніцкі адпаведна.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН