Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/02/01/756359/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 05:15
01.02.2015 12:12 Палітыка

Удзельнікі мінскай сустрэчы кантактнай групы па Украіне абмяняліся прапановамі па ўрэгуляванні канфлікту

Мінск, 31 студзеня. Прадстаўнікі самаабвешчаных ДНР і ЛНР на сустрэчы трохбаковай кантактнай групы ў Мінску перадалі ўкраінскаму боку свае прапановы па ўрэгуляванні канфлікту і атрымалі прапановы ад Кіева.

Ніякіх дамоўленасцяў не дасягнута, украінскі бок будзе вывучаць атрыманыя прапановы. Пра гэта паведаміў журналістам у Нацыянальным аэрапорце Мінск паўнамоцны прадстаўнік Данецкай народнай рэспублікі Дзяніс Пушылін перад тым як пакінуць Беларусь. Паводле яго слоў, цяпер галоўнае патрабаванне – спыненне агню.

Як адзначыў паўнамоцны прадстаўнік ЛНР Уладзіслаў Дзяйнега, бакі "абмяняліся бачаннямі сітуацыі". "Украінскі бок прапанаваў свой варыянт, які мы цяпер вывучаем, — сказаў Дзяйнега. — Але мы працягваем настойваць на галоўным: трэба спыніць гібель мірнага насельніцтва. Украіна ўсяляк зацягвае вырашэнне гэтага пытання, шукае ўсялякія аргументы. Ім не падабаецца то ўзровень прадстаўніцтва, то лінія, ад якой неабходна адводзіць цяжкія ўзбраенні".

Дзяйнега падкрэсліў, што гэтыя ўзбраенні неабходна адводзіць "ад любой лініі, што склалася на сёння, і далей потым садзіцца за стол перамоў".

У сваю чаргу Пушылін адзначыў, што лінія судакранання бакоў сёння ссунулася далей ад буйных гарадоў ДНР і ЛНР, чым гэта было напісана ў мінскіх дамоўленасцях.

Ён паведаміў, што кіраўнікі самаабвешчаных рэспублік прыедуць на перамовы ў Мінск толькі на падпісанне выніковага дакумента, і калі будзе спынены абстрэл гарадоў.

Адказваючы на пытанне, што на цяперашніх перамовах рабіў Віктар Медзвядчук, Пушылін сказаў: "Медзвядчук прадстаўляе Украіну ў межах гуманітарных пытанняў, абмену палоннымі. Сёння да гэтых пытанняў не падыходзілі абсалютна".

Пушылін заявіў, што рэспублікі гатовыя працягваць перамовы па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіне ў рэжыме дыялогу бакоў, а не маналогу Кіева. "Мы гатовыя да дыялогу, гатовыя дзейнічаць у межах мінскіх дамоўленасцяў. Але павінен быць дыялог, а не маналог Кіева", — сказаў ён.

Паўнамоцны прадстаўнік ДНР паведаміў, што Леанід Кучма не змог пацвердзіць свае паўнамоцтвы ў якасці афіцыйнага прадстаўніка Кіева на перамовах у Мінску. "Леанід Данілавіч прадэманстраваў нам нейкі дакумент, па якім не зразумела, калі ён апублікаваны. Ніякія паўнамоцтвы не прапісаны", — канстатаваў Пушылін.

Перамовы ў Мінску праходзілі прыкладна на працягу трох з паловай гадзін. У іх удзельнічалі паўнамоцныя прадстаўнікі ДНР і ЛНР Дзяніс Пушылін і Уладзіслаў Дзяйнега, перамоўшчык ад Кіева, экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, прадстаўнік АБСЕ Хайдзі Тальявіні, пасол РФ ва Украіне Міхаіл Зурабаў і Віктар Медзвядчук — лідар грамадскай арганізацыі "Украінскі выбар", кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта пры Леанідзе Кучме, кум Уладзіміра Пуціна.

Украінскія СМІ сёння паведамілі, што Медзвядчук удзельнічае ў працы кантактнай групы як спецпрадстаўнік па гуманітарных пытаннях, прызначаны кіраўніком СБУ.

Пасля прыбыцця ў Мінск Пушылін заявіў, што з`явілася інфармацыя пра падпісанне ўкраінскім прэзідэнтам Пятром Парашэнкам ўказа аб прызначэнні Кучмы паўнамоцным прадстаўніком Украіны на перамовах. "Хоць ён не з`яўляецца прадстаўніком улады, а з`яўляецца прыватнай асобай, што здымае з яго якую-небудзь адказнасць, калі дамоўленасці будуць сарваныя, тым не менш мы чакаем афіцыйнай публікацыі, — сказаў Пушылін. — Калі такі ўказ сапраўды з`явіцца ў прэсе ці мы ўбачым яго на свае вочы, гэта пакідае надзею на разважлівасць Кіева".

Перад пачаткам працы кантактнай групы Кучма сустрэўся з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем. Сустрэча была арганізаваная па даручэнні кіраўніка беларускай дзяржавы. Як вынікае з паведамлення на сайце МЗС, кіраўнік знешнепалітычнага ведамства перадаў прадстаўніку ўкраінскіх улад беларускія прапановы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне.

"Мы лічым, што сёння ёсць унікальны шанс спыніць кровапраліцце і дасягнуць міру і згоды ва Украіне, — сказаў Макей. — Мы будзем чакаць рэакцыі нашых партнёраў на нашы прапановы. Гэта рэакцыя будзе вельмі паказальнай. Што да правядзення пасяджэння кантактнай групы, то прэзідэнт Беларусі даручыў забяспечыць максімальна камфортныя ўмовы для ўдзельнікаў пасяджэння. Мы спадзяёмся, што па выніках пасяджэння будуць дасягнуты пэўныя дамоўленасці, якія дазволяць нармалізаваць сітуацыю. Мы лічым, што цяпер галоўнае — спыніць кровапраліцце. Нельга дапусціць, каб і далей гінулі ні ў чым не павінныя мірныя людзі".

Прэс-служба АБСЕ мінулай ноччу паведаміла, што "напярэдадні кансультацый у Мінску трохбаковая група зыходзіла з разумення, што наступныя практычныя захады павінны быць дасягнутыя: абавязковае пагадненне адносна неадкладнага спынення агню і адводу цяжкага ўзбраення ад лініі судакранання паводле мінскага мемарандума ад 19 верасня 2014 года; адсутнасць абмежаванняў для пастаўкі асноўных тавараў і гуманітарнай дапамогі ў пацярпелыя раёны Данецкай і Луганскай абласцей, а таксама адчувальны прагрэс у вызваленні заложнікаў".

Паводле інфармацыі прэс-службы, распрацаваны дакумент "можа быць падпісаны заўтра" (дата не ўдакладняецца, паведамленне было разаслана ў ноч з 30 на 31 студзеня. — БелаПАН.). Ён утрымлівае спіс пэўных захадаў, распрацаваных для ўкаранення вышэйпералічаных прыярытэтных задач для дээскалацыі сітуацыі.

"Кантактная група гатовая адправіцца ў Мінск, каб правесці чарговы раўнд кансультацый і завяршыць узгадненне дакументаў з падпісантамі мінскіх дамоўленасцяў ад 5 і 19 верасня, накіраваных на ўкараненне мірнага плана прэзідэнта Украіны", — гаварылася ў паведамленні.

Нагадаем, ад імя самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік мінскія дамоўленасці падпісвалі Аляксандр Захарчанка і Ігар Платніцкі адпаведна.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН