Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/02/03/756793_756797/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 04:56
03.02.2015 17:01 Палітыка

Украіна чакае афіцыйнай рэакцыі Расіі на правал кансультацый трохбаковай кантактнай групы ў Мінску

Мінск, 3 лютага. Украіна чакае афіцыйнай рэакцыі Расіі на правал кансультацый трохбаковай кантактнай групы ў Мінску 31 студзеня. Аб гэтым заявіў прэс-сакратар МЗС Украіны Яўген Перабійніс 3 лютага на брыфінгу ў Кіеве.

"Мы працягваем чакаць афіцыйную рэакцыю з боку Расіі як аднаго з падпісантаў мінскіх дамоўленасцей на гэты, фактычна, правал кансультацый", — цытуе Перабійніса УНІАН.

Прэс-сакратар адзначыў, што кансультацыі былі сарваны з-за няўдзелу падпісантаў мінскіх дакументаў з боку прарасійскіх сепаратыстаў (кіраўнікоў самаабвешчаных ДНР і ЛНР Аляксандра Захарчанкі і Ігара Плотніцкага. — БелаПАН.), з-за ўльтыматыўнай заявы іх прадстаўнікоў, якія прыбылі ў Мінск, а таксама з-за іх негатоўнасці прадметна абмяркоўваць шляхі ўрэгулявання сітуацыі.

"Тэрарысты ажыццявілі спробу рэвізіі мінскіх дамоўленасцей, у прыватнасці, яны адмовіліся прызнаваць лінію размежавання, зафіксаваную ў мінскім мемарандуме. Замест гэтага яны агучылі ўльтыматыўнае патрабаванне пачаць адвядзенне сродкаў паражэння калібрам больш за 100 мм ад фактычнай лініі сутыкнення па стане на 31 студзеня", — сказаў Перабійніс.

Нагадаем, 31 студзеня ў Мінску адбылася чарговая сустрэча трохбаковай кантактнай групы з удзелам прадстаўнікоў Украіны, Расіі, АБСЕ, а таксама прадстаўнікоў самаабвешчаных ДНР і ЛНР. Перамовы завяршыліся безвынікова. АБСЕ і Украіна абвінавацілі ў зрыве перамоў сепаратыстаў. Прадстаўнікі ДНР і ЛНР, у сваю чаргу, абвінавацілі ўкраінскі бок.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН