Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/02/09/757761/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 05:13
09.02.2015 10:05 Палітыка, Грамадства

Экс-прэзідэнт СССР спадзяецца, што сустрэча ў Мінску праясніць ход урэгулявання сітуацыі ва Украіне

Мінск, 9 лютага. На думку экс-прэзідэнта СССР Міхаіла Гарбачова той факт, што лідары "нармандскай чацвёркі" вярнуліся да перамоў і хочуць у аснове разгледзець мінскія пагадненні і дамоўленасці, улічыць інтарэсы бакоў і знайсці агульны кампраміс — гэта ўжо сталы падыход. А магчымыя перамовы лідараў краін "нармандскай чацвёркі" пасяляюць надзею на ўрэгуляванне сітуацыі ва Украіне, хутка з'явіцца яснасць наконт таго, якім будзе вынік гэтых "настойлівых і адказных крокаў", якія зараз прымаюцца, лічыць ён. Меркаванне Гарбачова перадае РІА Новости.

8 лютага прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін паведаміў, што лідары "нармандскай чацвёркі" (Расіі, Францыі, Германіі і Украіны) дамовіліся правесці сустрэчу ў Мінску 11 лютага пры ўзгадненні шэрагу пазіцый. У прэс-службе прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі паведамілі, што лідары дамовіліся правесці 9 лютага кансультацыі ў Берліне з удзелам прадстаўнікоў МЗС, а 10 лютага — сустрэчу трохбаковай кантактнай групы па Украіне, якія падрыхтуюць умовы і змястоўнае напаўненне саміта ў Мінску.

"Прыгадаў адразу словы Леніна, калі ён казаў: "Правільнай дарогай ідзяце, таварышы", — але ў іншым выпадку", — зазначыў Гарбачоў у каментарыі РІА Новости.

"Але пажывём. Яны [лідары "нармандскай чацвёркі"] вельмі паддаюцца націску — з боку тых, хто іх акружае. Так што тут будзе няпроста. Але калі яны стануць на гэтую дарогу і скажуць: будзем дзейнічаць, пакуль дамовімся… Трэба ісці гэтым шляхам, гэта вельмі правільна. І правільна, што зараз Злучаныя Штаты не ўдзельнічаюць, але я ўпэўнены, што яны ў курсе і самі яны, грэбуючы меркаваннем іншых, пайсці на іншыя нейкія рашэнні — пойдуць", — сказаў Гарбачоў.

Магчымасці для перамоў заўсёды былі і тым больш ёсць зараз — "трэба садзіцца за стол і дамаўляцца", падкрэсліў экс-прэзідэнт СССР. Паводле яго слоў, зараз з боку лідараў "нармандскай чацвёркі" мы бачым "крокі, якія нараджаюць надзею".

"Я вельмі задаволены тым, што гучала амаль з боку ўсіх удзельнікаў — усе адчулі, што мы апынуліся па сутнасці ў пачатку вайны. Тое, што яны адчулі гэта, значыць, што гэта людзі адказныя. Я хацеў бы, каб гэта было так — каб мы з вамі не памыліліся", — дадаў ён.

Гарбачоў нагадаў, што яшчэ ў пачатку канфлікту звяртаўся наўпрост і да прэзідэнта Расіі, і да прэзідэнта ЗША Барака Абамы, якія маглі сказаць сваё вырашальнае слова, бо ад іх шмат залежыць.

"Мне ніхто не адказаў на мой ліст і зварот. Але жыццё — настаўнік строгі. Значыць, нам засталося нядоўга чакаць, каб паявілася яснасць — які ж вынік гэтых усіх настойлівых, як мне здаецца, адказных крокаў. Як гаворыцца, дай бог", — заключыў экс-прэзідэнт СССР.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН