Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/02/09/757920_757926/
Дата раздрукоўкі: 14.11.2019 06:49
09.02.2015 16:14 Палітыка

Прадстаўнік самаабвешчанай ЛНР Дзяйнега адправіўся ў Мінск для падрыхтоўкі сустрэчы кантактнай групы 10 лютага

Мінск, 9 лютага. Прадстаўнік самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі (ЛНР) Уладзіслаў Дзяйнега адправіўся ў Мінск для падрыхтоўкі чарговай сустрэчы па ўрэгуляванні канфлікту ў Данбасе. Пра гэта паведаміў 9 лютага на прэс-канферэнцыі ў Луганску кіраўнік ЛНР Ігар Платніцкі.

"Уладзіслаў Дзяйнега ўжо туды выехаў. Рабочая група пачне працаваць з заўтрашняга дня, — цытуе Платніцкага Луганскі інфармацыйны цэнтр. — Па выніках працы рабочай групы ў далейшым будзем разглядаць, хто будзе выязджаць, якія пытанні разглядаць. Пытанняў вельмі шмат".

Платніцкі заявіў, што сумесная пазіцыя ЛНР і ДНР (самаабвешчаная Данецкая народная рэспубліка) засталася нязменнай. "Яна досыць жорсткая. У нас не толькі ваенныя пытанні пра лінію размежавання. У нас цэлы блок эканамічных пытанняў, цэлы блок палітычных пытанняў, цэлы блок інжынерных пытанняў, якія патрабуюць вырашэння", — сказаў ён.

"Загадзя магу сказаць, што перамовы будуць нялёгкімі, — гэта так. Для ўсіх — і для нас, і для іх. Але калі мы ў чарговы раз ідзем на гэтыя перамовы, то наша пазіцыя, наша лінія будзе досыць жорсткай і абгрунтаванай. Калі нам змогуць штосьці прад'явіць у адказ — лепшае і абгрунтаванае, зразумела, мы будзем пагаджацца. Усё, што будзе для нас лепшым, — з усім будзем пагаджацца. Але прынцып — ні кроку назад", —падкрэсліў Платніцкі.

Апошні раз трохбаковая кантактная група ў складзе прадстаўнікоў АБСЕ, Украіны і Расіі сустракалася з прадстаўнікамі ЛНР і ДНР у Мінску 30 студзеня. Тады бакі ні аб чым не дамовіліся.

У мінулую нядзелю прэс-служба прэзідэнта Украіны паведаміла, што Пётр Парашэнка, Уладзімір Пуцін, Ангела Меркель і Франсуа Аланд дамовіліся правесці сустрэчу ў нармандскім фармаце 11 лютага ў Мінску. Суразмоўцы таксама дамовіліся, што папярэдне, 9 лютага, у Берліне пройдуць экспертныя кансультацыі прадстаўнікоў МЗС Украіны, Расіі, Германіі і Францыі, а 10 лютага — сустрэча трохбаковай кантактнай групы з удзелам бакоў, якія падпісалі мінскія дамоўленасці.

Лідары чатырох краін "чакаюць, што іх намаганні падчас сустрэчы ў Мінску прывядуць да неадкладнага і безумоўнага двухбаковага спынення агню", адзначыла прэс-служба ўкраінскага прэзідэнта.

Крыху пазней намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Украіны Валерый Чалы на сваёй старонцы ў Facebook удакладніў: сустрэча ў нармандскім фармаце ў Мінску магчымая толькі ў выпадку яе паспяховай падрыхтоўкі. "Дамовіліся правесці экспертныя кансультацыі ў Берліне прадстаўнікоў МЗС у панядзелак і сустрэчу трохбаковай кантактнай групы ў аўторак пры ўдзеле падпісантаў мінскіх дамоўленасцяў. І вельмі важна — калі гэта падрыхтоўка будзе паспяховай, то ў сераду 11 лютага можа адбыцца сустрэча ў нармандскім фармаце ў Мінску", — напісаў Чалы 8 лютага.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН