Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/02/10/758010_758011/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 05:11
10.02.2015 09:50 Палітыка

Пётр Парашэнка спадзяецца на выніковыя перамовы ў Мінску

Мінск, 10 лютага. Пётр Парашэнка спадзяецца на выніковасць перамоў у нармандскім фармаце на вышэйшым узроўні ў Мінску 11 лютага. Пра гэта ён заявіў 9 лютага падчас тэлефоннай размовы з прэзідэнтам Польшчы Браніславам Камароўскім, паведамляе УНІАН са спасылкай на прэс-службу ўкраінскага прэзідэнта.

Пры абмеркаванні сітуацыі ў Данбасе Парашэнка заявіў, што Кіеў настойвае на дасягненні ўстойлівага і безумоўнага спынення агню, адводзе цяжкага ўзбраення, вывадзе замежных войскаў з украінскай тэрыторыі. Ён таксама падкрэсліў неабходнасць закрыць межы ад паставак зброі і наёмнікаў, увесці маніторынг і верыфікацыю АБСЕ, вызваліць заложнікаў. Пасля гэтага неабходна правесці мясцовыя выбары па ўкраінскім заканадаўстве і пры міжнародным назіранні, падкрэсліў Парашэнка.

Менавіта на такіх пазіцыях, якія адлюстроўваюць мінскія дамоўленасці, Украіна вядзе перамовы ў нармандскім фармаце на ўзроўні дыпламатычных прадстаўнікоў і мае намер праводзіць кансультацыі на найбліжэйшым пасяджэнні трохбаковай кантактнай групы.

Як паведамлялася раней, дамоўленасць аб правядзенні ў Мінску 11 лютага сустрэчы была дасягнута кіраўнікамі краін "нармандскай чацвёркі" падчас тэлефоннай канферэнцыі ў мінулую нядзелю. Суразмоўцы таксама дамовіліся, што папярэдне, 9 лютага, у Берліне пройдуць экспертныя кансультацыі прадстаўнікоў МЗС Украіны, Расіі, Германіі і Францыі, а 10 лютага — сустрэча трохбаковай кантактнай групы з удзелам бакоў, якія падпісалі мінскія дамоўленасці.

Пазней у той жа дзень Уладзімір Пуцін заявіў: сустрэча ў нармандскім фармаце 11 лютага адбудзецца, "калі да таго часу ўдасца ўзгадніць шэраг пазіцый.

Аналагічная заява прагучала вечарам 8 лютага і ад прадстаўніка Кіева. Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Украіны Валерый Чалы на сваёй старонцы ў Facebook удакладніў: сустрэча ў нармандскім фармаце ў Мінску магчымая толькі ў выпадку яе паспяховай падрыхтоўкі. Сустрэча прадстаўнікоў МЗС Украіны, Расіі, Германіі і Францыі ў Берліне праходзіла за зачыненымі дзвярамі. Перад яе пачаткам афіцыйны прадстаўнік МЗС ФРГ Марцін Шэфер папярэдзіў журналістаў, што інфармацыя аб змесце сустрэчы распаўсюджвацца не будзе. "Гэта не толькі не прынята, але і, хутчэй за ўсё, можа нашкодзіць", — растлумачыў Шэфер. Ён таксама заявіў, што пытанне аб правядзенні ў Мінску 11 лютага сустрэчы лідараў чатырох краін па-ранейшаму застаецца адкрытым. "Мы зробім усё для таго, каб гэта атрымалася", — падкрэсліў Шэфер.

Чакаецца, што 10 лютага ў Мінску пройдзе чарговае пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы (Украіна, Расія, ОБСЕ) з удзелам данбаскіх сепаратыстаў, аднак афіцыйнага пацвярджэння аб яго правядзенні пакуль не было.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН