Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/02/10/758024_758027/
Дата раздрукоўкі: 14.11.2019 07:28
10.02.2015 11:06 Палітыка

У Мінску ідзе падрыхтоўка да сустрэчы кантактнай групы па Украіне

Мінск, 10 лютага. Міністэрства замежных спраў Беларусі займаецца арганізацыяй перамоў па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне. Сустрэча трохбаковай кантактнай групы ў фармаце Украіна — Расія — АБСЕ з удзелам данбаскіх сепаратыстаў плануецца сёння вечарам у Мінску.
"Мы займаемся зараз арганізацыяй працы кантактнай групы, — паведаміла БелаПАН намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі МЗС Марыя Ваньшына. — Інфармацыя пра месца і час правядзення будзе вядомая пасля 16.00".

Напярэдадні ў Берліне адбылася сустрэча прадстаўнікоў МЗС краін "нармандскай чацвёркі" (Германія, Францыя, Украіна, Расія). Перамовы праходзілі ў закрытым рэжыме. Перад пачаткам сустрэчы афіцыйны прадстаўнік МЗС ФРГ Марцін Шэфер папярэдзіў журналістаў, што інфармацыя пра яе змест распаўсюджвацца не будзе.

Як паведаміў па выніках перамоў пасол Украіны ў ФРГ Андрэй Мельнік, перамовы ў Берліне былі цяжкімі. "Толькі што закончыліся васьмігадзінныя цяжкія перамовы ў Берліне з некаторымі адчувальнымі вынікамі для сустрэчы лідараў дзяржаў у нармандскім фармаце ў Мінску", — напісаў дыпламат у "Твітэры".
Сустрэча лідараў Украіны, Расіі, Германіі і Францыі па ўкраінскім пытанні запланаваная ў Мінску на 11 лютага. Дамоўленасць аб яе правядзенні была дасягнута 8 лютага падчас тэлефоннай канферэнцыі з удзелам Пятра Парашэнкі, Уладзіміра Пуціна, Ангелы Меркель і Франсуа Аланда.

Крыху пазней у той жа дзень Пуцін удакладніў: сустрэча ў нармандскім фармаце 11 лютага адбудзецца, "калі да гэтага часу ўдасца ўзгадніць шэраг пазіцый". Аналагічную заяву зрабіў вечарам 8 лютага і прадстаўнік Кіева. Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Украіны Валерый Чалы на сваёй старонцы ў Facebook удакладніў: сустрэча ў нармандскім фармаце ў Мінску магчымая толькі ў выпадку яе паспяховай падрыхтоўкі.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН