Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/02/10/758037_758046/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 06:31
10.02.2015 13:05 Палітыка

У працы кантактнай групы па Украіне ў Мінску плануе ўзяць удзел памочнік прэзідэнта РФ Уладзіслаў Суркоў

Мінск, 10 лютага. Памочнік прэзідэнта Расіі Уладзіслаў Суркоў плануе ўзяць удзел у працы кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне 10 лютага ў Мінску. Пра гэта заявіў журналістам пасол РФ у Беларусі Аляксандр Сурыкаў, паведамляе РІА Новости.

"Ёсць такая інфармацыя, думаю, што ён прыляціць", — сказаў Сурыкаў.

"Гэта сустрэча — асноўная для таго, каб адбылася заўтрашняя (сустрэча "нармандскай групы")", — зазначыў Сурыкаў.

Як раней паведамлялася, МЗС Беларусі зараз займаецца арганізацыяй перамоў па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне. Сустрэча трохбаковай кантактнай групы ў фармаце Украіна — Расія — АБСЕ з удзелам данбаскіх сепаратыстаў плануецца сёння вечарам у Мінску.

Сустрэча лідараў Украіны, Расіі, Германіі і Францыі па ўкраінскім пытанні запланавана ў Мінску на 11 лютага. Дамоўленасць аб яе правядзенні была дасягнута 8 лютага падчас тэлефоннай канферэнцыі з удзелам Пятра Парашэнкі, Уладзіміра Пуціна, Ангелы Меркель і Франсуа Аланда.

Крыху пазней у той жа дзень Пуцін удакладніў: сустрэча ў нармандскім фармаце 11 лютага адбудзецца, "калі да гэтага часу ўдасца ўзгадніць шэраг пазіцый". Аналагічную заяву зрабіў вечарам 8 лютага і прадстаўнік Кіева. Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Украіны Валерый Чалы на сваёй старонцы ў Facebook удакладніў: сустрэча ў нармандскім фармаце ў Мінску магчымая толькі ў выпадку яе паспяховай падрыхтоўкі.
Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН