Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/02/10/758195_758201/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 05:49
10.02.2015 21:25 Палітыка

У Мінску пачалося пасяджэнне кантактнай групы па Украіне

Мінск, 10 лютага. У 21 гадзіну ў Мінску пачалося чарговае пасяджэнне кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе. Перамовы праходзяць у комплексе "Дыпсэрвіс-Хол" у Вайсковым завулку.
У іх удзельнічаюць прадстаўнік Украіны, былы прэзідэнт краіны Леанід Кучма, пасол Расіі ў Кіеве Міхаіл Зурабаў, прадстаўнік АБСЕ Хайдзі Тальявіні, а таксама прадстаўнікі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік Дзяніс Пушылін і Уладзіслаў Дэйнега.

Пасяджэнне праводзіцца напярэдадні сустрэчы лідараў краін "нармандскай чацвёркі" (Украіна, Расія, Германія, Францыя), якая плануецца ў Мінску 11 лютага. Дамоўленасць аб саміце была дасягнута 8 лютага падчас тэлефоннай канферэнцыі з удзелам Пятра Парашэнкі, Уладзіміра Пуціна, Ангелы Меркель і Франсуа Аланда. Перад тым як сустрэцца ў Мінску, яны дамовіліся аб неабходнасці правядзення 9 лютага ў Берліне перамоў прадстаўнікоў МЗС сваіх краін, а 10 лютага ў Мінску — пасяджэння трохбаковай кантактнай групы з удзелам данбаскіх сепаратыстаў.

Учарашняя сустрэча ў Берліне праходзіла ў закрытым рэжыме, але, як паведаміў пазней у "Твітэры" пасол Украіны ў ФРГ Андрэй Мельнік, перамовы ў Берліне доўжыліся восем гадзін і былі цяжкімі.

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка падчас тэлефоннай размовы са сваім польскім калегам Браніславам Камароўскім 9 лютага заявіў, што спадзяецца на выніковасць перамоў на вышэйшым узроўні ў Мінску. Кіеў, паводле яго слоў, настойвае на дасягненні ўстойлівага і безумоўнага спынення агню, адводзе цяжкага ўзбраення, вывадзе замежных войскаў з украінскай тэрыторыі. Парашэнка таксама падкрэсліў неабходнасць закрыць межы ад паставак зброі і наёмнікаў, увесці маніторынг і верыфікацыю АБСЕ, вызваліць заложнікаў. Пасля гэтага неабходна правесці мясцовыя выбары паводле ўкраінскага заканадаўства і пры міжнародным назіранні, дадаў ён.

Менавіта на такіх пазіцыях, якія адлюстроўваюць мінскія дамоўленасці, Украіна мае намер праводзіць кансультацыі на найбліжэйшым пасяджэнні трохбаковай кантактнай групы 10 лютага, заявіў Парашэнка.

Аб пазіцыі сепаратыстаў расказаў 9 лютага на прэс-канферэнцыі ў Луганску кіраўнік ЛНР Ігар Плотніцкі. Паводле яго слоў, сумесная пазіцыя ЛНР і ДНР засталася нязменнай: "Яна дастаткова жорсткая. У нас не толькі ваенныя пытанні аб лініі размежавання. У нас цэлы блок эканамічных пытанняў, цэлы блок палітычных пытанняў, цэлы блок інжынерных пытанняў, якія патрабуюць вырашэння".

"Зараней магу сказаць, што перамовы будуць нялёгкімі, гэта дакладна. Для ўсіх — і для нас, і для іх. Але калі мы чарговы раз ідзем на гэтыя перамовы, то наша пазіцыя, наша лінія будзе дастаткова жорсткай і абгрунтаванай. Калі нам змогуць штосьці прад`явіць у адказ — лепшае і абгрунтаванае, натуральна, мы будзем згаджацца. Усё, што будзе для нас лепш, — з усім будзем згаджацца. Але прынцып — ні кроку назад", — падкрэсліў Плотніцкі.

Апошні раз трохбаковая кантактная група з удзелам сепаратыстаў ЛНР і ДНР збіралася ў Мінску 30 студзеня. Тады бакам не ўдалося ні аб чым дамовіцца.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН