Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/02/11/758261_758262/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 06:34
11.02.2015 10:29 Палітыка

Парашэнка: Я еду ў Мінск, каб неадкладна і безумоўна спыніць агонь і пачаць палітычны дыялог

Мінск, 11 лютага. Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заявіў, што едзе ў Мінск дзеля неадкладнага і безумоўнага спынення агню і пачатку палітычнага дыялогу. Гэту заяву ён зрабіў ноччу 11 лютага падчас экстраннага наведвання Краматорска (Данецкая вобласць), абстралянага 10 лютага.

"Мы патрабуем міру без якіх-небудзь умоў. Мы патрабуем спыніць агонь, вывесці замежныя войскі, закрыць мяжу. Ім няма чаго тут рабіць. У нас няма ніякага канфлікту. Мы знойдзем кампраміс унутры краіны, — цытуе Парашэнку яго прэс-служба. — Мы павінны абараніць мір, абараніць спакой горада Краматорск, павінны абараніць Украіну. І менавіта таму я еду ў Мінск, каб неадкладна, безумоўна, без якіх-небудзь умоў спыніць агонь і пачаць палітычны дыялог. Мы самі разбяромся".

Нагадаем, на 11 лютага ў Мінску запланаваная сустрэча лідараў краін "нармандскай чацвёркі" (Украіна, Расія, Германія, Францыя). Дамоўленасць пра саміт была дасягнутая 8 лютага падчас тэлефоннай канферэнцыі з удзелам Пятра Парашэнкі, Уладзіміра Пуціна, Ангелы Меркель і Франсуа Аланда. Перад тым як сустрэцца ў Мінску, яны дамовіліся пра неабходнасць правядзення 9 лютага ў Берліне перамоў прадстаўнікоў МЗС сваіх краін, а 10 лютага ў Мінску — пасяджэння трохбаковай кантактнай групы з удзелам данбаскіх сепаратыстаў.

Перамовы кантактнай групы пачаліся ў Мінску 10 лютага ў 21 гадзіну, праз дзве гадзіны быў аб'яўлены перапынак. Прадстаўнікі самаабвешчаных данецкай і луганскай народных рэспублік перадалі ўдзельнікам трохбаковай кантактнай групы свой праект дакумента па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе. Як паведаміў журналістам прадстаўнік ДНР Дзяніс Пушылін, дакумент уключае комплекс мер як ваеннага, так і палітычнага характару. Паводле яго слоў, бакі ўзялі дакумент на вывучэнне і пасля перапынку прадоўжаць яго абмеркаванне. "Калі перапынак закончыцца, мы не ведаем", — сказаў ён. Паводле некаторых звестак, перамовы прадоўжацца 11 лютага.

Анастасія Салановіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН