Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/02/11/758293_758294/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 06:28
11.02.2015 13:32 Палітыка

Сустрэча лідараў краін "нармандскай чацвёркі" ў Мінску пачнецца арыенціровачна ў 18.00

Мінск, 11 лютага. Сённяшняя сустрэча лідараў краін "нармандскай чацвёркі" (Украіны, Германіі, Францыі і Расіі) у Мінску пачнецца арыенціровачна ў 18.00 і пройдзе ў Палацы Незалежнасці.

Ніякай афіцыйнай інфармацыі адносна саміта на гэты момант няма за выключэннем паведамлення на сайце МЗС Беларусі, у якім сказана, што акрэдытаваным прадстаўнікам СМІ трэба прыбыць у Палац Незалежнасці да 15.00.

Паводле звестак інфармаваных крыніцаў, кіраўнікі дзяржаў пачнуць прыбываць у Мінск пасля 16.00.

Дамоўленасць аб правядзенні ў Мінску сустрэчы лідараў краін "нармандскай чацвёркі" была дасягнутая 8 лютага падчас тэлефоннай канферэнцыі з удзелам Пятра Парашэнкі, Уладзіміра Пуціна, Ангелы Меркель і Франсуа Аланда.

Гатоўнасць прыехаць сёння ў Мінск пацвердзіў мінулай ноччу прэзідэнт Украіны. Падчас экстраннага візіту ў Краматорск (Данецкая вобласць) Пётр Парашэнка заявіў: ён едзе ў Мінск, "каб неадкладна, безумоўна, без якіх-небудзь умоў спыніць агонь і пачаць палітычны дыялог".

Шэраг замежных СМІ са спасылкай на камюніке Елісейскага палаца паведамляюць, што прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд і канцлер ФРГ Ангела Меркель падчас сённяшняй тэлефоннай размовы прынялі рашэнне ехаць у Мінск. Як зазначаецца ў камюніке, абодва палітыкі маюць намер прыкласці ўсе намаганні, каб дабіцца поспеху ў рэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны.

Прэс-служба Крамля толькі што пацвердзіла, што ў Мінск прыбудзе і Уладзімір Пуцін. "Прэзідэнт Расіі сёння накіроўваецца з візітам у Мінск, дзе ён возьме ўдзел у перамовах у "нармандскім фармаце", — гаворыцца ў паведамленні.

Анастасія Салановіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН