Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/02/11/758313_758314/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 05:30
11.02.2015 14:17 Палітыка

Усе ўдзельнікі саміту "нармандскай чацвёркі" пацвердзілі свой прыезд у Мінск

Мінск, 11 лютага. Лідары Украіны, Германіі, Расіі і Францыі пацвердзілі свой удзел у сустрэчы па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе, якая пройдзе сёння ў Мінску.

Першым гэта зрабіў Пётр Парашэнка. Мінулай ноччу падчас экстраннага візіту ў Краматорск (Данецкая вобласць) прэзідэнт Украіны заявіў, што едзе ў Мінск, "каб неадкладна, безумоўна, без якіх-небудзь умоў спыніць агонь і пачаць палітычны дыялог".

Рашэнне ехаць у Мінск прынялі раніцай 11 лютага падчас тэлефоннай гутаркі прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд і канцлер ФРГ Ангела Меркель. У камюніке Елісейскага палаца адзначаецца: абодва палітыкі маюць намер прыкласці ўсе намаганні, каб дамагчыся поспеху ва ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны.

Прыкладна гадзіну таму прэс-служба Крамля паведаміла, што Уладзімір Пуцін таксама прыбудзе ў Мінск для ўдзелу ў перамовах у "нармандскім фармаце".

Чакаецца, што саміт пачнецца арыенціровачна ў 18.00. Акрэдытаваным на сустрэчу журналістам неабходна прыбыць у Палац Незалежнасці, дзе пройдуць перамовы, да 15.00.

Паводле звестак інфармаваных крыніц, кіраўнікі дзяржаў пачнуць прыбываць у Мінск пасля 16.00.

Мяркуецца, што саміту будзе папярэднічаць пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы ў фармаце Украіна — Расія — АБСЕ з удзелам данбаскіх сепаратыстаў. Перамовы групы пачаліся 10 лютага ў 21.00, а праз дзве гадзіны быў абвешчаны перапынак.

Сёння раніцай СМІ са спасылкай на інфармаваныя крыніцы паведамілі, што пасяджэнне аднавілася, аднак пазней гэтыя звесткі не пацвердзіліся. Па стане на 13.30 сустрэча кантактнай групы яшчэ не пачалася, паведамілі БелаПАН у МЗС Беларусі.

Нагадаем, ад Украіны ў складзе групы былы прэзідэнт краіны Леанід Кучма, ад Расіі — пасол РФ у Кіеве Міхаіл Зурабаў, ад АБСЕ — Хайдзі Тальявіні, ад самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік — Дзяніс Пушылін і Уладзіслаў Дзяйнега. Паводле вынікаў учарашніх перамоў Пушылін паведаміў журналістам, што яны з Дзяйнегам перадалі ўдзельнікам групы свой праект дакумента па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе, які ўключае комплекс мер ваеннага і палітычнага характару. Бакі ўзялі дакумент на вывучэнне і пасля перапынку працягнуць яго абмеркаванне, сказаў Пушылін.

Ніякіх афіцыйных паведамленняў наконт перамоў кантактнай групы па-ранейшаму няма.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН