Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/02/11/758363/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:20
11.02.2015 15:29 Грамадства

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў вернікаў маліцца за поспех саміту "нармандскай чацвёркі" ў Мінску

Мінск, 11 лютага. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў "вернікаў і ўсіх людзей добрай волі" маліцца за поспех сустрэчы лідараў Украіны, Германіі, Расіі і Францыі па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе, якая мае адбыцца сёння ў Мінску. Пра гэта ідзе гаворка ў адкрытым пастырскім слове мітрапаліта, апублікаваным на афіцыйным партале Рымска-каталіцкага касцёла Беларусі (catholic.by).

"Усе мы вельмі занепакоены развіццём сітуацыі ў братняй Украіне, дзе не сціхае, але разрастаецца збройны канфлікт, — адзначыў каталіцкі іерарх. — У выніку чаго церпяць і гінуць як непасрэдныя яго ўдзельнікі, так і ні ў чым не вінаватыя мірныя людзі, з дня на дзень павялічваецца колькасць бежанцаў, разбураюцца гарады і вёскі, нішчыцца эканоміка, нарастае сацыяльна-палітычная напружанасць".

Мітрапаліт Кандрусевіч упэўнены, што "канфлікт немагчыма вырашыць збройнымі дзеяннямі, якія пагражаюць непрадказальнымі наступствамі, могуць выйсці з-пад кантролю і ўцягнуць у яго многія краіны свету", і адзіным шляхам вырашэння канфлікту з'яўляецца дыялог.

Ён нагадаў, што 10 лютага ў Мінску адбылося пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы па Украіне, а 11-га ў беларускай сталіцы чакаецца сустрэча лідараў Украіны, Германіі, Расіі і Францыі. Усё гэта сведчыць пра з'яўленне "новай надзеі на дыпламатычнае вырашэнне гэтага зацяжнога канфлікту".

"Сімвалічна, што 11 лютага, у літургічны ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Лурда, каталіцкі касцёл адзначае Сусветны дзень хворых, — падкрэсліў мітрапаліт. — Сітуацыя ва Украіне пацвярджае стан духоўнай хваробы, калі чалавек не жадае жыць паводле Божага закону любові да бліжняга і павагі да яго правоў".

"Звяртаюся да вас, вернікі і людзі добрай волі: не заставайцеся абыякавымі да ўкраінскай трагедыі і лёсу нашых украінскіх братоў і сясцёр, маліцеся аб поспеху мінскай сустрэчы, каб доўгачаканы мір нарэшце запанаваў у нашых паўднёвых суседзяў, каб там як мага хутчэй завяршыліся жахі збройных дзеянняў і людзі маглі спакойна жыць. Маці Божая Лурдская, выпрасі ў свайго Сына Езуса Хрыста ласку міру ва Украіне", — дадаў каталіцкі іерарх.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН