Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/02/11/758408_758409/
Дата раздрукоўкі: 14.10.2019 02:36
11.02.2015 18:10 Палітыка

У Мінск прыбываюць удзельнікі саміту "нармандскай чацвёркі"

Мінск, 11 лютага. У Мінск пачалі прыбываць удзельнікі сустрэчы "нармандскай чацвёркі" па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне.

Першым у нацыянальным аэрапорце Мінск прызямліўся самалёт з прэзідэнтам Францыі Франсуа Аландам, следам за ім прыбылі канцлер ФРГ Ангела Меркель і прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка. Найбліжэйшым часам чакаецца прыбыццё прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.

Перамовы лідараў чатырох краін пройдуць у Палацы Незалежнасці.

Дамоўленасць аб правядзенні саміту ў Мінску была дасягнутая 8 лютага падчас тэлефоннай канферэнцыі з удзелам Пятра Парашэнкі, Уладзіміра Пуціна, Ангелы Меркель і Франсуа Аланда.

Сённяшняй сустрэчы папярэднічала пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы ў фармаце Украіна — Расія — АБСЕ з удзелам данбаскіх сепаратыстаў у Мінску позна вечарам 10 лютага. Яно доўжылася прыблізна дзве гадзіны, пасля чаго быў абвешчаны перапынак.

Паводле вынікаў пасяджэння прадстаўнікі сепаратыстаў паведамілі, што перадалі ўдзельнікам групы свой праект дакумента па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе, які ўключае комплекс мер ваеннага і палітычнага характару. Чакалася, што пасяджэнне кантактнай групы адновіцца 11 лютага пасля таго, як бакі вывучаць гэты дакумент. Аднак, паводле інфармацыі на гэты час, праца групы так і не была адноўленая.

Агенцтва ТАСС са спасылкай на інфармаваную крыніцу таксама паведаміла, што перад пачаткам саміту можа адбыцца сустрэча кіраўнікоў МЗС краін "нармандскай чацвёркі". Гэтую інфармацыю БелаПАН не пацвердзілі ні ў пасольствах чатырох краін, ні ў МЗС Беларусі.

Анастасія Салановіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН