Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/02/11/758434_758462/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:40
11.02.2015 21:32 Палітыка

У Мінску праходзіць саміт "нармандскай чацвёркі" па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны

Мінск, 11 лютага. Сустрэча кіраўнікоў Украіны Пятра Парашэнкі, Расіі Уладзіміра Пуціна, Германіі Ангелы Меркель і Францыі Франсуа Аланда праходзіць вечарам 11 лютага ў Палацы Незалежнасці ў Мінску.
Перамовы пачаліся пасля прыбыцця апошняга іх удзельніка — Пуціна. Лідары астатніх краін прыехалі раней. Чакалася, што спачатку пройдзе цырымонія агульнага фатаграфавання, аднак гэтага не адбылося. Перамовы пакуль праходзяць у закрытым ад прэсы рэжыме.

Дамоўленасць аб правядзенні саміту ў Мінску была дасягнута 8 лютага падчас тэлефоннай канферэнцыі Парашэнкі, Пуціна, Меркель і Аланда.

Перамовы на вышэйшым узроўні асвятляюць больш за 500 журналістаў з Беларусі, Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, Расіі, ЗША, Кітая, Кубы, Японіі, Чэхіі, Польшчы, Катара, Нідэрландаў, Іспаніі, Грузіі, Нарвегіі, Швейцарыі, Італіі.

Саміту папярэднічала пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы ў фармаце Украіна — Расія — АБСЕ з удзелам данбаскіх сепаратыстаў у Мінску 10 лютага. Яно пачалося позна вечарам і доўжылася каля дзвюх гадзін, пасля чаго быў аб'яўлены перапынак. Па выніках пасяджэння прадстаўнік т.зв. данецкай народнай рэспублікі Дзяніс Пушылін паведаміў журналістам, што ўдзельнікам групы перададзены праект дакумента па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе, які ўключае комплекс мер ваеннага і палітычнага характару. Чакалася, што пасяджэнне кантактнай групы адновіцца 11 лютага пасля таго, як бакі вывучаць гэты дакумент. Аднак, паводле наяўнай інфармацыі, праца групы не аднавілася.

Перад візітам у Мінск Пётр Парашэнка заявіў, што едзе на перамовы дзеля неадкладнага і безумоўнага спынення агню і пачатку палітычнага дыялогу. "Мы патрабуем міру без умоў. Мы патрабуем спыніць агонь, вывесці замежныя войскі, закрыць мяжу. Ім няма чаго тут рабіць. І нас няма ніякага канфлікту. Мы знойдзем кампраміс унутры краіны. Менавіта таму я еду ў Мінск, каб неадкладна, безумоўна спыніць агонь і пачаць палітычны дыялог", — сказаў прэзідэнт Украіны.

Ён падкрэсліў важнасць мінскіх перамоў. Сёння, заявіў Парашэнка, магчыма, найбольш важная дата ў гісторыі Украіны. "І магу сказаць, што за час працы на пасадзе прэзідэнта ў мяне, напэўна, не было і не будзе больш важнай сустрэчы, чым сённяшняя ў Мінску. Ад вынікаў саміту будзе залежаць, ці ўдасца нам спыніць агрэсара дыпламатычным шляхам або мы будзем пераходзіць на зусім іншы рэжым", — сказаў украінскі лідар.

Парашэнка таксама паведаміў, што Украіна і Еўрасаюз на саміце ў Мінску "выступяць з адзінай пазіцыяй" і будуць настойваць на безумоўным спыненні агню на ўсходзе Украіны.

Ангела Меркель і Франсуа Аланд падчас тэлефоннай размовы сёння раніцай заявілі аб намеры прыкласці ўсе намаганні, каб дабіцца поспеху ва ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны.

Уладзіміру Пуціну напярэдадні мінскага саміту патэлефанаваў прэзідэнт ЗША Барак Абама. Ён заявіў аб неабходнасці мірнага ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне на аснове мінскіх дамоўленасцей, а таксама аб падтрымцы ЗША суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Абама падкрэсліў важнасць таго, што ў Пуціна ёсць магчымасць абмеркаваць сітуацыю з лідарамі Украіны, Германіі і Францыі, каб прыйсці да мірнага вырашэння канфлікту.

Еўрасаюз заклікаў удзельнікаў мінскага саміту "не ўпусціць шанс" і выкарыстаць усе наяўныя магчымасці для мірнага вырашэння канфлікту ва Украіне.

На поспех саміту спадзяецца таксама генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН