Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/02/12/758531_758532/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 06:18
12.02.2015 08:32 Палітыка

"Нармандская чацвёрка" засядае ўжо паўсутак

Мінск, 12 лютага. Дванаццаць гадзін працягваюцца перамовы аб урэгуляванні сітуацыі ў Данбасе, якія вечарам 11 лютага ў Мінску пачалі лідары Украіны, Германіі, Францыі і Расіі ("нармандская чацвёрка").

Спачатку перамовы прайшлі ў вузкім, затым у пашыраным складзе. Недзе апоўначы Пётр Парашэнка, Ангела Меркель, Франсуа Аланд і Уладзімір Пуцін перапыніліся на вячэру. Пакармілі і журналістаў, якія знаходзіліся ў будынку з 15 гадзін 11 лютага.

Пасля вячэры кіраўнікі дзяржаў зноў адасобіліся.

Паводле слоў іншых удзельнікаў сустрэчы, перамовы ідуць цяжка. Што канкрэтна абмяркоўваецца і на якія рашэнні выходзяць бакі — невядома, уцечкі інфармацыі няма.

Як напісаў ноччу ў "Фэйсбуку" намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Украіны Валерый Чалы, перамовы "нармандскай чацвёркі" ў Мінску могуць прадоўжыцца яшчэ не менш як пяць-шэсць гадзін.

"Па стане на 3.30 (2.30 па кіеўскім часе) перамовы ў Мінску працягваюцца. Гадзін сем працавалі камандамі. Зараз у фармаце чатырох лідараў (без дарадцаў). Пра падрабязнасці яшчэ рана. Думаю, што ў нас яшчэ працы гадзін на 5-6. Як мінімум. Але без дамоўленасці аб безумоўным спыненні агню, я мяркую, адсюль нельга ехаць. Пайшла "барацьба нерваў", — паведаміў чыноўнік.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, атрыманай журналістамі ад членаў украінскай і французскай дэлегацый, перамовы працягнуцца яшчэ не менш як паўтары гадзіны. Якія магчымыя рашэнні абмяркоўваюць Пётр Парашэнка, Ангела Меркель, Франсуа Аланд і Уладзімір Пуцін, дагэтуль невядома, паколькі пасля апоўначы засядаюць у вузкім складзе.

Журналісты, акрэдытаваныя на мерапрыемстве, знаходзяцца ў Палацы незалежнасці ўжо 17 гадзін.

Перад візітам у Мінск Пётр Парашэнка заявіў, што едзе на перамовы дзеля неадкладнага і безумоўнага спынення агню і пачатку палітычнага дыялогу. "Мы патрабуем міру без якіх-небудзь умоў. Мы патрабуем спыніць агонь, вывесці замежныя войскі, закрыць мяжу. Ім няма чаго тут рабіць. У нас няма ніякага канфлікту. Мы знойдзем кампраміс унутры краіны.Менавіта таму я еду ў Мінск, каб неадкладна, без якіх-небудзь умоў спыніць агонь і пачаць палітычны дыялог", — сказаў прэзідэнт Украіны, які напярэдадні ноччу наведаў абстраляны сепаратыстамі Краматорск.

Ён падкрэсліў важнасць мінскіх перамоў. Сёння, заявіў Парашэнка, магчыма, найбольш важная дата ў гісторыі Украіны. "І магу сказаць, што за час працы на пасадзе прэзідэнта ў мяне, напэўна, не было і не будзе больш важнай сустрэчы, чым сённяшняя ў Мінску. Ад вынікаў саміту будзе залежаць, ці ўдасца нам спыніць агрэсара дыпламатычным шляхам або мы будзем пераходзіць на зусім іншы рэжым", — сказаў украінскі лідар.

Парашэнка таксама паведаміў, што Украіна і Еўрасаюз на саміце ў Мінску "выступяць з адзінай пазіцыяй" і будуць настойваць на безумоўным спыненні агню на ўсходзе Украіны.

Ангела Меркель і Франсуа Аланд падчас тэлефоннай размовы раніцай 11 лютага заявілі пра намер прыкласці ўсе намаганні, каб дабіцца поспеху ва ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны. Разам з тым афіцыйны Берлін скептычна глядзіць на магчымасць дыпламатычнага прарыву. "Візіт Ангелы Меркель у Мінск — слабы прамень надзеі, але не больш за тое", — заявіў прэс-сакратар урада Германіі Штэфен Зайберт.

Уладзіміру Пуціну напярэдадні мінскага саміту пазваніў прэзідэнт ЗША Барак Абама. Ён заявіў пра неабходнасць мірнага ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне на аснове мінскіх дамоўленасцяў, а таксама аб падтрымцы ЗША суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Абама падкрэсліў важнасць таго, што ў Пуціна ёсць магчымасць абмеркаваць сітуацыю з лідарамі Украіны, Германіі і Францыі, каб прыйсці да мірнага вырашэння канфлікту.

Еўрасаюз заклікаў удзельнікаў мінскага саміту "не страціць шанц" і скарыстаць усе наяўны магчымасці для мірнага вырашэння канфлікту ва Украіне.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН