На перамовах у Мінску Расія выгандлёўвае Дэбальцава для сепаратыстаў, заявіў украінскі дыпламат
Мінск, 12 лютага. На перамовах у фармаце "нармандскай чацвёркі" ў Мінску Расія выгандлёўвае для сепаратыстаў горад Дэбальцава. Пра гэта напісаў 12 лютага ў "Твітары" пасол па асаблівых даручэннях МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба, каментуючы заяву паўнамоцнага прадстаўніка самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі на перамовах па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне Дзяніса Пушыліна.
"Без Дэбальцава ДНР і ЛНР у нас на транспартным кручку", — дадаў Кулеба.
Некалькі гадзін таму Пушылін напісаў у "Твітары", што перамовы ў Мінску ўскладняюцца тым, "што Парашэнка працягваюць уводзіць у зман, паведамляючы, што ў Дэбальцаўскім катле ў яго ўсё добра...".
Раней лідары самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік Аляксандр Захарчанка і Ігар Платніцкі адмовіліся падпісаць дакумент, узгоднены ў Мінску "нармандскай чацвёркай" і перададзены кантактнай групе.