Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/02/12/758609_758610/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 06:14
12.02.2015 13:00 Палітыка

На перамовах у Мінску дасягнутая дамоўленасць аб спыненні агню ва Украіне з 00.00 15 лютага

Мінск, 12 лютага. На мінскіх перамовах па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне дасягнутая дамоўленасць аб спыненні агню з 00.00 15 лютага, паведамілі журналістам паводле вынікаў саміту "нармандскай чацвёркі" прэзідэнты Украіны Пётр Парашэнка і Расіі Уладзімір Пуцін.

"Завяршыліся вельмі цяжкія перамовы, якія ішлі бесперапынна 18 гадзін, — сказаў Парашэнка. — Трохбаковая кантактная група падпісала дакумент, які рыхтаваўся з такімі вялікімі цяжкасцямі. Дамовіліся, што з 00.00 гадзін 15 лютага павінна быць безумоўнае ўсёабдымнае спыненне агню".

Пры гэтым прэзідэнт Украіны падкрэсліў: "Нам выстаўлялі ўсялякія непрымальныя ўмовы адходу і здачы. Мы не пайшлі ні на якія саступкі".

Як паведамлялася раней, аналагічная заява — аб дамоўленасці аб спыненні агню з 00.00 15 лютага — зрабіў Уладзімір Пуцін.

Ён таксама паведаміў аб падпісанні дакумента кантактнай групы аб мерах, скіраваных на імплементацыю мінскіх дамоўленасцяў. Паводле слоў Пуціна, яны з Парашэнкам дамовіліся даць ваенным экспертам даручэнне ацаніць сітуацыю ў Дабальцаве.

Пуцін заявіў, што ў межах палітычнага ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне неабходная канстытуцыйная рэформа, якая ўлічвае права жыхароў Данбаса. "У палітычным урэгуляванні некалькі ўмоў, некалькі пазіцый. Першае — гэта канстытуцыйная рэформа, у якой павінны быць улічаныя законныя правы людзей, якія жывуць на тэрыторыі Данбаса", — цытуюць Пуціна расійскія СМІ.

Тым часам кіраўнік МЗС Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер, які таксама ўдзельнічаў у перамовах, паведаміў журналістам, што лідары Расіі, Украіны, Германіі і Францыі не ставілі свае подпісы пад мінскай дэкларацыяй.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН