Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/02/12/758637_758638/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 06:35
12.02.2015 14:19 Палітыка

Парашэнка: Вельмі важна, што ёсць дакладныя абавязацельствы па вывадзе замежных войскаў з Украіны

Мінск, 12 лютага. На перамовах у Мінску аб урэгуляванні сітуацыі ва Украіне дасягнутая дамоўленасць аб спыненні агню з 00.00 15 лютага, а таксама аб вывадзе замежных войскаў з украінскай тэрыторыі, паведаміў журналістам паводле вынікаў саміту "нармандскай чацвёркі" прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка.

"Завяршыліся вельмі цяжкія перамовы, якія ішлі бесперапынна 18 гадзін, — сказаў Парашэнка. — Трохбаковая кантактная група падпісала дакумент, які рыхтаваўся з такімі вялікімі цяжкасцямі. Дамовіліся, што з 00.00 15 лютага павінна быць безумоўнае ўсёабдымнае спыненне агню".

Пры гэтым прэзідэнт Украіны падкрэсліў: "Нам выстаўлялі ўсялякія непрымальныя ўмовы адходу і здачы. Мы не пайшлі ні на якія саступкі".

Паводле слоў Парашэнкі, спыненне агню павінна суправаджацца адводам цяжкіх узбраенняў на працягу 14 дзён.

Агаворана, у прыватнасці, што артылерыя адводзіцца на адлегласць 25 км. Пры гэтым украінскія войскі адводзяць артылерыю на 25 км ад фактычнай на сёння лініі сутыкнення, а ўзброеныя фарміраванні данбаскіх сепаратыстаў — на 25 км ад лініі сутыкнення згодна з мінскімі пагадненнямі ад 5 і 19 верасня 2014 года. "Агульная буферная зона будзе складаць 50 км. Значна больш складаюць зоны для сістэм залпавага агню — 50 км. І 140 км складае буферная зона для сістэм залпавага агню "Ураган" і "Смерч", — сказаў Парашэнка.

Ён таксама паведаміў, што дасягнутая дамоўленасць аб вызваленні ўсіх заложнікаў — яны павінны быць вызваленыя не пазней як пяць дзён пасля адводу ўзбраенняў. На адвод цяжкай артылерыі, сказаў Парашэнка, даецца 14 дзён, а затым пяць дзён — на вызваленне ўсіх заложнікаў.

Паводле слоў прэзідэнта, дасягнутая таксама дамоўленасць аб безумоўным доступе Украіны і яе міжнародных партнёраў да аказання гуманітарнай дапамогі пацярпелым раёнам. "На сёння мы будзем рабіць усё магчымае для таго, каб пераадолець гуманітарны крызіс, забяспечыць усе неабходныя прадукты і медыкаменты для пераадолення гуманітарнай катастрофы, якая ёсць на акупаваных тэрыторыях", — сказаў Парашэнка.

Ён падкрэсліў, што падчас перамоў узнімаў пытанне аб вызваленні ўкраінскай  лётчыцы Надзеі Саўчанкі. "Прасіў, каб гэта было зроблена тэрмінова. Мой зварот падтрымалі прэзідэнт Францыі і канцлер Германіі. Гэта была наша агульная пазіцыя", — сказаў Парашэнка.

"Вельмі важна, што ў дакуменце ёсць дакладныя абавязацельствы па вывадзе ўсіх замежных войскаў з тэрыторыі Украіны — яны павінны быць выведзеныя найбліжэйшым часам", — асобна зазначыў украінскі лідар.

Ён таксама паведаміў, што ўпершыню дэталёва распісаная імплементацыя мінскага пратакола і мінскага мемарандума ў частцы закрыцця дзяржаўнай мяжы. На першым этапе, паводле слоў Парашэнкі, прадугледжваецца, што мяжа будзе  "перададзеная пад пільны кантроль прадстаўнікоў АБСЕ і ўкраінскіх памежнікаў". "На другім этапе — да канца гэтага года — украінскія памежнікі адновяць кантроль над украінскай мяжой", — сказаў прэзідэнт.

Парашэнка падкрэсліў: у прынятым дакуменце не ідзе гаворка ні пра аўтаномію асобных раёнаў, ні пра федэралізацыю Украіны. "У нас на сёння акрэслена, што мы будзем гэта рабіць у межах канстытуцыйных зменаў па дэцэнтралізацыі. Ні на які кампраміс па федэралізацыі мы не пайшлі. Ні аўтаноміі, ні федэралізацыі ў дакуменце няма", — сказаў украінскі лідар.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН