Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/02/12/758729_758730/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 09:56
12.02.2015 17:16 Палітыка

Федэрыка Магерыні назвала дасягнутыя ў Мінску дамоўленасці па Украіне важнымі, але не канчатковымі

Мінск, 12 лютага. Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Федэрыка Mагерыні лічыць дасягнутыя ў Мінску мірныя дамоўленасці па Украіне важнымі, але не канчатковымі. Пра гэта яна заявіла 12 лютага ў Лондане за некалькі гадзін да пачатку брусельскага саміту ЕС.

"Мы цяпер працуем, каб выклікаць усе сродкі, што ёсць у распараджэнні ЕС, для садзейнічання ажыццяўленню пагадненняў. Мы будзем абмяркоўваць гэта сёння на саміце", — цытуе Магерыні агенцтва Рэйтэр.

Вярхоўны камісар ЕС па знешняй палітыцы не чакае, што на фоне дасягнутых у Мінску пагадненняў лідары ЕС будуць абмяркоўваць пытанне пра санкцыі ў дачыненні да Расіі.

Пачатак сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў ЕС у Бруселі, на якой планавалася абмеркаваць пытанне пра санкцыі, быў адкладзены з-за перамоў лідараў краін "нармандскай чацвёркі" — Украіны, Расіі, Германіі і Францыі, што праходзілі ў Мінску. Перамовы пачаліся вечарам 11 лютага і доўжыліся 16 гадзін.

У выніку мінскай сустрэчы прадстаўнікі Украіны, Расіі, АБСЕ і данбаскіх сепаратыстаў падпісалі комплекс мер па выкананні вераснёўскіх мінскіх пагадненняў. Дакумент складаецца з 13 пунктаў. Ён, у прыватнасці, прадугледжвае спыненне агню з 00.00 15 лютага, адвод цяжкіх узбраенняў абодвума бакамі, вызваленне і абмен заложнікаў па прынцыпе "ўсіх на ўсіх", вывад замежных узброеных фарміраванняў, ваеннай тэхнікі і наймітаў з тэрыторыі Украіны пад назіраннем АБСЕ, правядзенне ў краіне канстытуцыйнай рэформы па дэцэнтралізацыі, прыняцце заканадаўства пра спецыяльны статус Данецкай і Луганскай абласцей і шэраг іншых мер.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН