Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/02/12/758805_758806/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 10:18
12.02.2015 22:34 Палітыка

Прэс-сакратар Пуціна: Перамовы ў Мінску былі даволі жорсткія, стаўкі былі вельмі высокія

Мінск, 12 лютага. Перамовы ў Мінску "былі дастаткова жорсткія", паведаміў у інтэрв'ю тэлеканалу "Дождь" Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.

Ён абвергнуў словы прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі аб тым, што яму на перамовах у Мінску вылучалі ўльтыматумы.

"Я не магу гэтага пацвердзіць. Больш за тое, я магу гэта абвергнуць. Сапраўды, перамовы былі даволі жорсткія, яны былі вельмі цяжкія, стаўкі былі вельмі высокія. Атмасфера была такая, што ніхто, натуральна, не адступаўся ад сваіх уласных інтарэсаў. Усе вельмі жорстка настойвалі на сваіх пазіцыях. Але я, шчыра кажучы, не разумею, аб якіх ультыматумах гаварыў прэзідэнт Украіны", — заявіў Пяскоў.

Таксама прэс-сакратар расійскага прэзідэнта адзначыў, што атмасфера на перамовах "нармандскай чацвёркі" ў Мінску была "часам вельмі эмацыянальнай".

Нагадаем, Парашэнка паведаміў журналістам пасля заканчэння сустрэчы ў Мінску: "Завяршыліся вельмі цяжкія перамовы, якія ішлі бесперапынна 18 гадзін. Трохбаковая кантактная група падпісала дакумент, які рыхтаваўся з такімі вялікімі цяжкасцямі". Пры гэтым прэзідэнт Украіны падкрэсліў: "Нам выстаўлялі ўсялякія непрымальныя ўмовы адходу і здачы. Мы не пайшлі ні на якія ўступкі".

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН