Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/02/12/758808_758809/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 10:00
12.02.2015 22:50 Палітыка

Пяскоў: Пуціну давялося прыкласці вялікія намаганні, каб працаваць з апалчэнцамі

Мінск, 12 лютага. Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў пацвердзіў словы канцлера Германіі Ангелы Меркель аб тым, што Уладзімір Пуцін паўплываў на лідараў самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік Аляксандра Захарчанку і Ігара Плотніцкага на перамовах у Мінску. Аб гэтым ён паведаміў у інтэрв'ю тэлеканалу "Дождь".

"Гэта патрабавала ад усіх бакоў вялікай гнуткасці, захавання настойлівасці, адстойвання сваіх інтарэсаў. І, безумоўна, былі моманты, якія не былі прымальныя для апалчэнцаў. Безумоўна, сітуацыя як была складанай, так і працягвае заставацца складанай з-за нежадання Кіева весці прамы дыялог. Гэта істотна абцяжарвае, уласна, увесь працэс зносін. І аб тым разуменні, якое з дня ў дзень умацоўваецца, што далейшае жыццяздольнае ўрэгуляванне, устойлівае ўрэгуляванне гэтага канфлікту, напэўна, наўрад ці поўнасцю магчыма без прамых кантактаў. І, канешне, у гэтай сітуацыі Пуціну давялося прыкласці вялікія намаганні для таго, каб працаваць з апалчэнцамі", — заявіў Пяскоў.

На пытанне, якім чынам Пуцін кантактаваў з Захарчанкам і Плотніцкім, Пяскоў адказаў: "Адпаведным чынам".

Аб тым, што Уладзімір Пуцін аказаў ціск на ўкраінскіх сепаратыстаў, каб тыя спынілі агонь апоўначы 15 лютага, гаворыцца ў заяве канцлера Германіі Ангелы Меркель па выніках мінскай сустрэчы лідараў "нармандскай чацвёркі", якая апублікавана на сайце федэральнага ўрада ФРГ.

Паводле яе слоў, удзельнікі саміта дамовіліся аб усеагульным выкананні мінскіх пагадненняў, аднак "для гэтага павінны быць зроблены канкрэтныя крокі, і наперадзе яшчэ шмат перашкод". "У мяне няма ніякіх ілюзій, наперадзе яшчэ вельмі шмат працы, але ёсць рэальны шанс палепшыць сітуацыю. Германія і Францыя паказалі, што яны могуць унесці ўклад у мірны працэс разам з усёй Еўропай", — дадала яна.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН