Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/02/13/758928_758933/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 10:44
13.02.2015 15:45 Палітыка

У Парашэнкі няма цвёрдай упэўненасці ў тым, што дасягнутыя ў Мінску мірныя дамоўленасці будуць выконвацца

Мінск, 13 лютага. Няма ўпэўненасці ў тым, што мінскія дамоўленасці будуць выконвацца, заявіў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка 13 лютага падчас наведвання вучэбнага цэнтра Нацыянальнай гвардыі ў Новых Пятроўцах Кіеўскай вобласці.

"Намі дасягнуты дамоўленасці, якія даюць надзею, што падзеі на Данбасе з гарачай стадыі пяройдуць у стан палітычнага ўрэгулявання, — цытуе Парашэнку агенцтва УНІАН. — Я хачу, каб ні ў каго не было ніякіх ілюзій і каб я не рабіў уражання наіўнага чалавека. Нам да міру яшчэ ой як далёка. І цвёрдай упэўненасці, што ўмовы міру, якія падпісаны ў Мінску, цвёрда будуць выконвацца, няма ні ў каго".

"Але, — дадаў украінскі лідар, — адметнасць учарашніх дамоўленасцяў у тым, што перамовы праводзіліся не ў межах трохбаковай кантактнай групы, а непасрэдна прэзідэнтам Францыі, прэзідэнтам Украіны, канцлерам Германіі з прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі Пуціным. І ёсць надзея, што з гэтага часу ўсё ж сітуацыя пойдзе па шляху дээскалацыі, спынення агню, адводу цяжкай зброі. І менавіта гэты шлях, я спадзяюся, прывядзе нас да міру".

Саміт кіраўнікоў краін "нармандскай чацвёркі" праходзіў у Мінску 11 і 12 лютага. Перамовы доўжыліся 16 гадзін і, паводле слоў удзельнікаў, былі цяжкімі. Па выніках сустрэчы быў прыняты комплекс мер па выкананні мінскіх пагадненняў, заключаных у верасні 2014 года. Дакумент складаецца з 13 пунктаў, найважнейшыя з якіх прадугледжваюць спыненне агню з 15 лютага, адвод цяжкіх узбраенняў і абмен палоннымі.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН