Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/02/13/759038_759041/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 10:49
13.02.2015 22:31 Палітыка

Пастаянны прадстаўнік Украіны пры ААН: Расія ўжо адмежавалася ад працэсу выканання мінскіх дамоўленасцей

Мінск, 13 лютага. Дакументы, узгодненыя ўдзельнікамі перамоў у "нармандскім фармаце" ў Мінску, даюць надзею на дээскалацыю сітуацыі на Данбасе, аднак рэалізацыя дамоўленасцей будзе няпростай, заявіў пастаянны прадстаўнік Украіны пры ААН Юрый Сяргееў 13 лютага на брыфінгу ў Нью-Ёрку.

"Мы не ўтойваем свайго расчаравання ў сувязі з тым, што расійскае кіраўніцтва адразу ж адмежавалася ад працэсу ажыццяўлення пагаднення, настойваючы на тым, што Расія не з'яўляецца бокам канфлікту", — сказаў Сяргееў, якога цытуе Цэнтр навін ААН.

"Мы лічым непрымальным, што ў той час, як праходзіла сустрэча ў Мінску, на тэрыторыі, падкантрольныя сепаратыстам, з Расіі прыбыло 50 новых танкаў, 40 артылерыйскіх сістэм і 40 бронемашын", — падкрэсліў дыпламат. Прадстаўнік Украіны адзначыў, што цяпер незаконныя ўзброеныя групоўкі абстрэльваюць 48 гарадоў і вёсак на ўсходзе яго краіны.

Пастаянны прадстаўнік Украіны падкрэсліў, што новыя пагадненні не замяняюць вераснёўскія мінскія дамоўленасці, а базіруюцца на іх і дапаўняюць іх. Як адзначыў Сяргееў, украінскаму боку ў ходзе перамоў выстаўлялі шэраг непрымальных умоў, але прэзідэнт яго краіны "выразна заявіў, што не пойдзе ні на якія ўльтыматумы і што спыненне агню павінна быць аб'яўлена без папярэдніх умоў".

Новыя дамоўленасці прадугледжваюць, што ў ноч з 14 лютага на 15 лютага павінен быць уведзены рэжым спынення агню. Маніторынг сітуацыі будзе забяспечваць місія АБСЕ.

Раней генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун прывітаў дыпламатычныя намаганні, якія прыкладаюць лідары Расіі, Украіны, Францыі і Германіі для спынення канфлікту на ўсходзе Украіны. Ён выказаў надзею, што бакі будуць выконваць дасягнутыя ў Мінску дамоўленасці аб доўгатэрміновым спыненні агню.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН