Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/02/14/759062_759064/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 09:56
14.02.2015 15:53 Палітыка

Лукашэнка хацеў бы абмеркаваць сітуацыю ва Украіне з Пуціным і Парашэнкам у трохбаковым фармаце

Мінск, 14 лютага. Аляксандр Лукашэнка хацеў бы абмеркаваць сітуацыю ва Украіне з Уладзімірам Пуціным і Пятром Парашэнкам у трохбаковым фармаце. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю вядучаму інфармацыйна-аналітычнай праграмы "Цэнтральнае тэлебачанне" расійскага тэлеканала НТВ Вадзіму Такмянёву.

"Я заўсёды хацеў і цяпер яшчэ больш хачу сказаць: хлопцы, давайце сядзем і на справе, вось мы ўтрох без усякіх пасрэднікаў, дамовімся, як мы спынім гэтую вайну, калі мы хочам яе спыніць, як зразумець і як засцерагчы вось гэтых людзей, якія шмат хто ідэйна ваявалі за сваю зямлю, як з імі дамовіцца?" — сказаў ён.

У інтэрв'ю Лукашэнка таксама падзяліўся некаторымі падрабязнасцямі правядзення сустрэчы "нармандскай чацвёркі" і расказаў, чаму ён тэлефанаваў Пуціну напярэдадні мерапрыемства. "Я яму расказаў, як дамаўляліся, што вось гэта зрабілі, гэта зрабілі, нават дзіркі на асфальце заляпілі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Я кажу: паўтысячы журналістаў, цікавасць каласальная. Але, напэўна, кажу, ты не адсачыў, у інтэрнэце ўжо пачынаюць укідваць, што Пуцін плюне на ўсё... Вось я яму гэта расказаў і кажу: я цябе чакаю ў Мінску".

Падчас развітання з Пятром Парашэнкам Лукашэнка запытаў ва ўкраінскага лідара пра яго ўражанні аб сустрэчы. "Ён сказаў: мы зрабілі максімум, вельмі цяжка будзе працаваць з імі. Я потым жартам кажу: ды нармальныя яны хлопцы і ў Данецку, і ў Луганску, дамовімся. Ён засмяяўся і кажа: ну, твой бы аптымізм усім", — расказаў Лукашэнка.

Інтэрв'ю было запісана 13 лютага і сёння вечарам будзе паказана ў эфіры праграмы "Цэнтральнае тэлебачанне".

Анастасія Салановіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН