Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/02/15/759092/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 10:13
15.02.2015 12:50 Палітыка

МЗС Расіі: Афіцыйныя прадстаўнікі Украіны і некаторых заходніх дзяржаў скажаюць змест мінскіх дамоўленасцей

Мінск, 15 лютага. Расійскае МЗС 14 лютага выступіла з заявай "наконт выканання мінскіх пагадненняў аб урэгуляванні ўкраінскага канфлікту".

Знешнепалітычнае ведамства пацвярджае высокую ацэнку прынятаму дакументу і ад імя Расіі выказвае гатоўнасць садзейнічаць рэалізацыі дасягнутых дамоўленасцей.

"Разам з тым сур'ёзную трывогу выклікае тое, што афіцыйныя прадстаўнікі ўкраінскага боку ў асобе міністра замежных спраў Украіны П.А.Клімкіна, а таксама некаторых заходніх дзяржаў, у прыватнасці ЗША, па сутнасці, салідарызаваліся з меркаваннем радыкальных нацыяналістаў у Вярхоўнай Радзе і сталі скажаць змест мінскіх дамоўленасцей, ставячы пад сумненне рэалізацыю канкрэтных палажэнняў ухваленага лідарамі Расіі, Германіі, Францыі і Украіны дакумента. На фоне заяў прадстаўнікоў Данецка і Луганска, якія гавораць аб сваім адказным стаўленні да выканання прынятых на сябе абавязацельстваў, шэраг выказванняў, зробленых украінскімі палітыкамі ў Кіеве, насцярожвае", — гаворыцца ў заяве.

"Галоўны пасыл мінскіх пагадненняў заключаецца ў тым, што неабходна спыніць баявыя дзеянні, ажыццявіць адвод цяжкіх узбраенняў, пачаць рэальную канстытуцыйную рэформу ва Украіне", — падкрэсліваюць у ведамстве.

МЗС Расіі разлічвае, што ўсе падпісанты мінскага дакумента ад 12 лютага, а таксама бакі, якія падтрымалі мінскі працэс, уключаючы Германію і Францыю, зробяць усё, каб дасягнутыя дамоўленасці няўхільна выконваліся.

Якія канкрэтна выказванні Клімкіна і прадстаўнікоў Захаду трывожаць расійскае МЗС, у заяве не ўказваецца. Між тым афіцыйны Кіеў апасаецца, што перамір'е, якое павінна пачацца ў 00 гадзін 15 лютага, будзе сарвана баевікамі.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН