Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/02/15/759107_759108/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 10:00
15.02.2015 13:49 Палітыка

Прэс-сакратар Парашэнкі: Перамір'е ў асноўным выконваецца

Мінск, 15 лютага. Паводле звестак штаба антытэрарыстычнай аперацыі на 5 гадзін раніцы 15 лютага рэжым "артылерыйскай цішыні" ў асноўным выконваецца, паведаміў прэс-сакратар украінскага прэзідэнта Святаслаў Цаголка на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы "Фэйсбук".

Паводле яго інфармацыі, усяго зафіксавана 10 абстрэлаў пазіцый украінскіх ваенных. "Першыя гадзіны вельмі важныя. Таму мы назіраем за сітуацыяй разам з ваеннымі. Пакуль рана рабіць высновы. Але ад выканання Расіяй дамоўленасцей у Мінску залежыць, удасца спыніць вайну ці не", — адзначыў Цаголка.

Перамір'е пачалося ў 0 гадзін па мясцовым часе (у 1 гадзіну па мінскім) 15 лютага ў адпаведнасці з новымі дамоўленасцямі, дасягнутымі 12 лютага ў Мінску па выніках 16-гадзінных перамоў лідараў Украіны, Германіі, Францыі і Расіі.

Кіраўнік украінскай дзяржавы Пётр Парашэнка ў ноч на нядзелю выступіў з заявай, у якой паведаміў, што аддаў загад аб спыненні агню.

"Украіна заўсёды вельмі адказна ставілася да выканання ўзятых на сябе міжнародных абавязацельстваў, — падкрэсліў ён. — Pacta sunt servanda — дамоўленасці павінны быць выкананыя. Гэта прыдумалі не мы. І мы разлічваем на тое, што гэтыя дамоўленасці, нарэшце, будуць выкананыя, бо перамовы зайшлі ўжо на такі ўзровень, што вышэй няма куды, і на гэты раз супрацьлеглы бок паставіцца ад выканання пагадненняў з адпаведнай увагай.

Парашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на сітуацыю вакол Дэбальцаўскага плацдарма, які баевікі спрабуюць акружыць. "На жаль, мірны працс сёння знаходзіцца пад вялікай пагрозай з-за таго, што баевікі выкарыстоўваюць напружаную сітуацыю пад Дэбальцава для зрыву рэжыму спынення агню. Аб гэтым я публічна папярэдзіў усіх удзельнікаў "нармандскага працэсу", мінскіх перамоў, у тым ліку і Расійскую Федэрацыю, якая ідэнтыфікуе сябе як гаранта дасягнутых мінскіх пагадненняў. На маю думку, каб гарантаваць дзеянні тых, каго поўнасцю кантралюеш, прыкладаць намаганні — занадта шмат. Дастаткова палітычнай волі", — лічыць прэзідэнт.

Ён адзначыў, што апошнім часам некалькі дзён фактычна кругласутачна працаваў толькі ў двух кірунках: канцэнтрацыя дыпламатычных намаганняў для дасягнення мінскіх дамоўленасцей і каардынацыя дзеянняў сілавікоў для забеспячэння абароны зададзеных рубяжоў.

"Літаральна некалькі гадзін таму я размаўляў з Баракам Абамам, прэзідэнтам Злучаных Штатаў Амерыкі, яшчэ за гадзіну да гэтага — з Ангелай Меркель і Франсуа Аландам. Увесь свет затаіў дыханне і напружана чакае заўтрашняй раніцы. Тыя, хто хоча сарваць мірны працэс у самым яго пачатку, папярэджаны аб наступствах. Я свядома не буду цяпер гаварыць аб тым, што будзе рабіць Украіна ў выпадку, калі мірны працэс будзе сарваны. Скажу толькі адно: атрымаўшы ўдар па адной шчацэ, другую мы падстаўляць не будзем. І ды даруе мне Гасподзь", — заявіў Парашэнка.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН