Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/02/15/759138_759139/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 10:25
15.02.2015 16:17 Палітыка

Украіна адвядзе ўзбраенне пры ўмове такіх жа дзеянняў з боку баевікоў, заявіў пасол Украіны

Мінск, 15 лютага. Пасля пачатку перамір`я Украіна гатова прадоўжыць выкананне мінскіх пагадненняў, аднак выкананне ўжо наступнага пункта — аб адводзе тэхнікі — магчымае толькі пры ўмове такіх жа дзеянняў з боку баевікоў. Аб гэтым заявіў у прамым эфіры тэлекампаніі ВВС пасол па асаблівых даручэннях МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба, перадае "Европейская правда".

"Украінскі бок падрыхтаваўся да адводу цяжкага ўзбраення, але мы будзем сачыць за тым, як адбываецца гэты працэс з боку сепаратыстаў. Бо ён павінен быць узаемным. Аднабаковы адвод [з украінскага боку] паставіць пад рызыку як грамадзянскае насельніцтва, так і ваенных", — патлумачыў прадстаўнік МЗС.

Ён таксама дадаў, што ноччу "фіксаваліся пэўныя выпадкі" парушэння рэжыму спынення агню з боку прарасійскіх сіл, у тым ліку ў раёне Дэбальцава.

У МЗС чакаюць, што ў гэтым раёне будуць найбольшыя праблемы з выкананнем мінскіх дамоўленасцей.

"Дэбальцава будзе і надалей заставацца адным з самых гарачых пунктаў. У цэлым тут выконваецца перамір`е, але мы чакаем, што гэта будзе крытычкая кропка, месца, у пытанні забеспячэння рэальнага спынення агню. Канешне, тэрарысты будуць спрабаваць ціснуць тут на Украіну", — заявіў Кулеба.

Ён таксама адзначыў, што ўкраінская ўлада не выключае пераходу да іншай стратэгіі ў выпадку сістэмнага парушэння мінскіх дамоўленасцей.

"Застаецца план Б, якім мы скарыстаемся, калі Расія і тэрарысты сарвуць мінскія дамоўленасці", — паведаміў дыпламат.

Тым часам спікер АТА Андрэй Лысенка заявіў 15 лютага днём на брыфінгу, што баевікі ў Данецкай і Луганскай абласцях не падрыхтавалі пляцоўкі для адводу цяжкага ўзбраення, прадугледжанага мінскімі пагадненнямі.

"Баевікі не рыхтуюць пакуль пляцоўкі для таго, аб адвесці цяжкае ўзбраенне. У любым выпадку ўкраінскі бок будзе прытрымлівацца рэжыму спынення агню і адводу цяжкага ўзбраення, якое з`яўляецца другім крокам на этапе рэалізацыі мінскіх дамоўленасцей", — цытуе Лысенку УНИАН.

Паводле яго слоў, украінскі бок такія пляцоўкі ўжо падрыхтаваў, аднак калі баевікі не стануць адводзіць цяжкае ўзбраенне, то сілы АТА зробяць аналагічна.

"Менавіта праціўнік з`яўляецца актыўным атакуючым элементам, і як толькі ён пачне адводзіць цяжкае ўзбраенне, тое ж самае зробяць украінскія ваенныя", — сказаў Лысенка, выказаўшы надзею на тое, што баевікі не парушаць гэтую дамощленасць і пачнуць адвод тэхнікі, а таксама абмен палоннымі.

"Мы чакаем, што вораг усё ж выканае гэтыя дамоўленасці, таму што іх подпісы стаяць пад гэтым дакументам, і мы гатовыя адвесці цяжкае ўзбраенне. Мы гатовыя да правядзення абмену палоннымі, і мы гатовыя далей дзейнічаць па тых кроках, якія прапісаны ў апошнім дакуменце", — сказаў спікер АТА.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН