Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/02/16/759249_759257/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 10:43
16.02.2015 14:23 Палітыка, Грамадства

Партыя "Справядлівы свет" падтрымлівае намаганні афіцыйнага Мінска па ўрэгуляванні канфлікту ў Данбасе

Мінск, 16 лютага. Беларуская партыя левых "Справядлівы свет" падтрымлівае намаганні афіцыйнага Мінска па ўрэгуляванні ўзброенага канфлікту ў Данбасе. Пра гэта гаворыцца ў заяве бюро ЦК партыі, прынятай 15 лютага ў Мінску.

"Лічым неабходным нагадаць, што ў самым пачатку ўзброенага супрацьстаяння ў Данбасе, 15 мая 2014 года, бюро ЦК партыі "Справядлівы свет" выступіла з заклікам аб спыненні ваенных дзеянняў як галоўнай умове для пераходу да палітычнага ўрэгулявання канфлікту. Мы задаволеныя, што цяперашнія мінскія пагадненні даюць надзею на тое, што братазабойчая вайна на ўсходзе Украіны будзе спыненая", — гаворыцца ў заяве.

На думку "Справядлівага свету", мінскія пагадненні, падпісаныя 12 лютага гэтага года, "з'яўляюцца цяжкім, але апраўданым капрамісам паміж усімі бакамі, так ці інакш уцягнутымі ў канфлікт у Данбасе". "Індыкатарам таго, што справа зараз менавіта такая, стала істэрычная крытыка з боку ўкраінскіх і расійскіх нацыянал-экстрэмістаў, якую зазналі прэзідэнты Украіны і Расіі, што паставілі свае подпісы пад мінскімі пагадненнямі", — зазначаецца ў дакуменце.

У прыватнасці, гаворыцца ў ім, "украінскія радыкальныя нацыяналісты абвінавачваюць Пятра Парашэнку ў даванні грамадзянам асобных усходніх раёнаў Украіны, якія традыцыйна схіляюцца да рускага культурнага і моўнага асяроддзя, аўтаноміі ў межах адзінай украінскай дзяржавы, магчымасці захаваць мультыкультурную самабытнасць рэгіёна". З іншага боку, "расійскія вялікадзяржаўныя шавіністы, якія адмаўляюць Украіне (дый Беларусі таксама) у праве на самавызначэнне і ўласную дзяржаўнасць, абвінавачваюць прэзідэнта Уладзіміра Пуціна ў "здрадніцтве Наваросіі", у прызнанні суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны".

"Насуперак меркаванню ўкраінскіх і расійскіх нацыянал-радыкалаў, партыя "Справядлівы свет" разглядае мінскія пагадненні ад 12 лютага 2015 года як адзіна магчымае выйсце з крытычнай сітуацыі ў Данбасе, якая ўжо прывяла да шматлікіх ахвяраў. Партыя вітае як украінскі суверэнітэт і палітычны кантроль украінскай дзяржавы над усёй яе тэрыторыяй, так і даванне жыхарам асобных рэгіёнаў Украіны права на самакіраванне ва ўмовах дэцэнтралізацыі ўлады і культурна-моўную самабытнасць", — гаворыцца ў заяве.

Партыя лічыць "цалкам недарэчнымі спекуляцыі, што ідуць з вуснаў асобных беларускіх палітыкаў, якія пазіцыянуюць сябе дэмакратамі, наконт "дывідэндаў", атрыманых у выніку сустрэчы ў Мінску кіраўнікоў Германіі, Францыі, Расіі і Украіны беларускім прэзідэнтам". Партыя асуджае "такія "апазіцыйныя комплексы" і, будучы ў шматгадовай і прынцыповай апазіцыі да ўнутрыпалітычнага курсу Лукашэнкі, лічыць, тым не менш, неабходным заявіць пра падтрымку намаганняў афіцыйнага Мінска па ўрэгуляванні ўзброенага канфлікту ў Данбасе".

"Для нашай партыі першараднымі з'яўляюцца не персанальныя набыткі ці страты нейкіх палітыкаў, а аднаўленне міру і стабільнасці ў рэгіёне, які знаходзіцца каля непасрэдных межаў Беларусі", — гаворыцца ў заяве.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН