Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/02/16/759336_759337/
Дата раздрукоўкі: 13.11.2019 18:01
16.02.2015 17:31 Палітыка

Мінскія дамоўленасці па Украіне не выконваюцца, за першыя суткі пасля пачатку перамір'я загінулі пяцёра ўкраінскіх ваенных

Мінск, 16 лютага. За мінулыя суткі ў зоне антытэрарыстычнай аперацыі (АТА) на паўднёвым усходзе Украіны пяць украінскіх вайскоўцаў загінулі, 25 — атрымалі раненні. Пра гэта заявіў 16 лютага на брыфінгу ў Кіеве спікер АТА Андрэй Лысенка, паведамляе агенцтва УНІАН.

Крыху раней інфармацыю аб гібелі пяці ўкраінскіх байцоў распаўсюдзіў штаб абароны Марыупаля. "Аналізуючы першыя суткі пасля пачатку перамір'я, можна сцвярджаць, што незаконныя ўзброеныя фарміраванні не прытрымліваюцца падпісаных у Мінску пагадненняў. Такім чынам, за ўчарашні дзень акупанты двойчы абстралялі з танкаў пазіцыі сіл АТА ў населеным пункце Шырокіна", — гаварылася ў паведамленні штаба.

Сепаратысты самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік у сваю чаргу абвінавачваюць у невыкананні мірных дамоўленасцяў Кіеў. 

Згодна з дамоўленасцямі, дасягнутымі ў Мінску 12 лютага, поўнае спыненне агню павінна было пачацца ў 0 гадзін 15 лютага.

16 лютага запланаваная відэаканферэнцыя з удзелам прадстаўнікоў трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне і сепаратыстаў ДНР і ЛНР, паведаміла УНІАН.

Варта зазначыць, што напярэдадні Андрэй Лысенка заяўляў пра паступовую стабілізацыю сітуацыі. "У зоне АТА зафіксавана рэзкае зніжэнне напружанасці. Агульная сітуацыя на ўсходзе Украіны стабілізуецца, гэта пацвярджаюць мясцовыя жыхары", — сказаў спікер АТА днём 15 лютага. А пад вечар нядзелі з'явілася заява "нармандскай чацвёркі" аб выкананні ва Украіне рэжыму спынення агню.

Прэзідэнты Францыі, Германіі, Расіі і Украіны ў тэлефоннай размове абмеркавалі наяўную сітуацыю ва Украіне і канстатавалі выкананне рэжыму спынення агню, гаварылася ў камюніке, распаўсюджаным Елісейскім палацам. "Нармандская чацвёрка" дамовілася прадоўжыць перамовы 16 лютага. "Яны (кіраўнікі дзяржаў) разгледзелі эфектыўнасць рэжыму спынення агню, які набыў моц сёння. Яны канстатавалі, што рэжым спынення агню ў цэлым выконваецца, нягледзячы на шэраг лакальных інцыдэнтаў, якія былі аператыўна ўрэгуляваныя", — зазначалася ў паведамленні.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН