Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/02/18/759685_759686/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:12
18.02.2015 10:13 Палітыка

МЗС Украіны: Расія груба парушае свае абавязацельствы ў межах мінскіх дамоўленасцей

Мінск, 18 лютага. Унясенне Расійскай Федэрацыяй у Савет бяспекі ААН рэзалюцыі аб падтрымцы комплексу мер па імплементацыі мінскіх дамоўленасцей і дэкларацыі лідараў Украіны, Расіі, Германіі і Францыі па выніках перамоў 12 лютага ў Мінску з'яўляецца "верхам цынізму". Аб гэтым гаворыцца ў заяве МЗС Украіны, апублікаванай у ноч на 18 лютага. Прычына такой ацэнкі — грубае парушэнне Расіяй сваіх абавязацельстваў у межах мінскіх дамоўленасцей, патлумачыла знешнепалітычнае ведамства.

"Сёння ўсе дзяржавы свету з'яўляюцца сведкамі грубага наступлення на мінскія дамоўленасці, — адзначаецца ў заяве. — Скарыстаўшыся выкананнем украінскім бокам рэжыму спынення агню, тэрарысты пры падтрымцы Расіі нарошчваюць наступальную аперацыю ў раёне Дэбальцава. Расійскі бок паслядоўна блакіруе выкананне місіяй АБСЕ свайго мандата па маніторынгу сітуацыі. Працягваецца пастаўка Расіяй зброі на тэрыторыю Украіны".

У сувязі з гэтым украінскае МЗС "вітае неадкладную рэакцыю Савета бяспекі ААН, які ў сваёй заяве яшчэ да галасавання па рэзалюцыі выказаў трывогу працягам атак на Дэбальцава".

Знешнепалітычнае ведамства краіны "заклікае міжнародную супольнасць выкарыстаць усе меры для забеспячэння неадкладнага і поўнага спынення агню і безумоўнай імплементацыі Расіяй і тэрарыстамі, якія ёю кантралююцца, мінскага пратакола ад 5 верасня 2014 г., мінскага мемарандума ад 19 верасня 2014 г. і мінскага "Комплексу мер" ад 12 лютага 2015 г.".
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН