Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/02/18/759688_759689/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 05:08
18.02.2015 10:27 Палітыка

Пуцін: Мы высока ацэньваем дамоўленасці, дасягнутыя ў Мінску

Мінск, 18 лютага. "Мы высока ацэньваем тыя дамоўленасці, якія былі дасягнутыя ў Мінску", — заявіў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін 17 лютага ў Будапешце на прэс-канферэнцыі па выніках візіту ў Венгрыю.

"Можа, не ўсе яшчэ звярнулі на гэта ўвагу, але, што надзвычай важна, гэта тое, што ўкраінскі бок, афіцыйныя ўлады ў Кіеве па сутнасці згадзіліся правесці глыбокую канстытуцыйную рэформу з тым, каб задаволіць запыты на вядомую самастойнасць, як бы яна ні называлася — дэцэнтралізацыя, аўтанамізацыя, федэралізацыя, асобных рэгіёнаў сваёй краіны. Гэта вельмі істотны, глыбінны сэнс рашэння з боку афіцыйных улад", — сказаў Пуцін (цытаты ўзятыя з відэасправаздачы прэс-службы Крамля).

"Але ёсць і іншы бок, — прадоўжыў ён. — Калі прадстаўнікі Данбаса згадзіліся ўзяць удзел у гэтай рэформе, то, значыць, мы з'яўляемся сведкамі пэўнага зруху з кірунку ўкраінскай дзяржаўнасці. Канешне, чым хутчэй будзе рэалізаваны і ажыццёўлены пункт, звязаны са спыненнем баявых дзеянняў і адводам тэхнікі, тым хутчэй будуць створаны рэальныя ўмовы для таго, каб палітычнае ўрэгуляванне ўвайшло б ў нейкую рэальную фазу".

У цэлым, паводле слоў Пуціна, адзначаецца значнае зніжэнне баявой актыўнасці, колькасць абстрэлаў і ўзаемных удараў па ўсёй лініі сутыкнення ўпала ў разы. "Сапраўды, адбываюцца сутычкі ў раёне Дэбальцава. (…) Тое, што там адбываецца, тлумачальнае і прагназуемае. Бо, паводле нашых звестак, яшчэ да сустрэчы ў Мінску, за тыдзень прыкладна, групоўка ўкраінскіх войскаў апынулася там у акружэнні. І на сустрэчы ў Мінску менавіта так я і гаварыў аб гэтым. (…) Я вельмі разлічваю на тое, што адказныя асобы ва ўкраінскім кіраўніцтве не будуць перашкаджаць ваеннаслужачым украінскай арміі складваць зброю. Калі яны самі не ў стане прыняць гэтае адказнае рашэнне і аддаць такі загад, то ва ўсялякім выпадку не будуць праследаваць людзей, якія хочуць захаваць сваё жыццё і жыццё іншых людзей, гатовы скласці зброю — з аднаго боку. А з другога боку, разлічваю на тое, што прадстаўнікі апалчэння, кіраўніцтва данецкай народнай рэспублікі, луганскай народнай рэспублікі не будуць утрымліваць гэтых асоб, не будуць перашкаджаць таму, каб яны маглі свабодна пасля гэтага пакінуць зону канфлікту і зону акружэння і вярнуцца да сваіх сем'яў", — заявіў Пуцін.

Паводле яго слоў, мінскі дакумент дае шанс на мірнае вырашэнне праблемы. "У гэтай сувязі хачу адзначыць вялікую ролю, якую адыгралі і прэзідэнт Францыі, і канцлер Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў пошуку кампрамісу. Мяркую, што кампраміс знойдзены і можа быць замацаваны адпаведнай рэзалюцыяй Савета бяспекі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. З ініцыятывай гэтай, як вы ведаеце, выступіла Расійская Федэрацыя. Калі гэта адбудзецца, то гэты дакумент мінскі прыме ўжо якасць міжнароднага прававога акта", — заявіў расійскі кіраўнік. Як паведамлялася раней, рэзалюцыя была прынята.

"Канешне, прайграваць заўсёды кепска, — сказаў Пуцін. — Канешне, гэта заўсёды бяда для таго, хто прайграў, асабліва калі прайграеш учарашнім шахцёрам або ўчарашнім трактарыстам. Але жыццё ёсць жыццё, яно дакладна пойдзе далей. Я б лічыў, не трэба на гэтым зацыклівацца".

Крэмль адмаўляе ўдзел расійскіх ваеннаслужачых у баявых дзеяннях на Данбасе і пастаўкі зброі баявікам у гэты рэгіён.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН