Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2015/02/27/761983_761989/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 10:09
27.02.2015 21:07 Грамадства

Былы палітвязень Васіль Парфянкоў ваюе ў складзе батальёна Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў, паведамляюць СМІ

Мінск, 27 лютага. Былы палітвязень Васіль Парфянкоў ваюе ва Украіне ў складзе батальёна Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў у Пясках пад Данецкам. Пра гэта ён расказаў шэрагу беларускіх СМІ.

Як паведамляе, у прыватнасці, "Наша ніва", зараз Парфянкоў знаходзіцца ў Кіеве на адпачынку пасля першай ратацыі — з 14 студзеня па 14 лютага. Хутка вяртаецца ў зону АТА.

"Беларусы былі заўсёды блізкія з Украінай. Гэта наш брацкі народ, таму я і вырашыў паехаць сюды. Стараюся дапамагчы, чым магу", — матываваў свае дзеянні былы палітвязень .

Спачатку ён "хацеў ехаць на вайну з "Правым сектарам", але там пачалася папяровая валакіта". А ў батальён АУН ён проста запісаўся, прайшоў двухтыднёвую вучэбку і трапіў на фронт. У батальёне Парфянкоў з`яўляецца радавым стралком, мае аўтамат.

"Калі ва Украіне была "аранжавая рэвалюцыя", я ўступіў ва УНА-УНСО, трапіў да іх на трэніроўкі, таму зброю ў руках трымаць умею", — сказаў ён.

У 2011 годзе Парфянкоў быў асуджаны ў межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года. Яго прыгаварылі да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму, але ў жніўні таго ж года асуджаны выйшаў на волю на падставе ўказа прэзідэнта аб памілаванні. Пасля гэтага былы палітзняволены неаднаразова пераследаваўся з боку ўлад, што праваабаронцы разглядаюць як помсту ўладаў і спробу націску на грамадскага актывіста.

Парфянкоў быў узяты пад варту 5 снежня 2013 года падчас абнародавання прыгавору па арт. 421 КК (невыкананне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду). Прыгавораны да года пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Некалькі апошніх месяцаў Парфянкоў даседжваў тэрмін у адзіночнай камеры. Актывіст быў вызвалены 5 снежня 2014 года. 
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН